Общество

Аляксандр Паршанкоў

Адпрацоўка выпускнікоў – панацэя ці наркотык для дзяржавы?

Былы старшыня Вольнага прафсаюза студэнтаў БДУ, дактарант Карлавага ўніверсітэта (Прага, Чэхія) Аляксандр Паршанкоў піша для «Салідарнасці», што Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе практыкуецца абавязковае размеркаванне.

Аляксандр Паршанкоў

Сістэма, пры якой выпускнікам навучальных устаноў абавязкова прызначаецца першае месца працы пасля заканчэння вучобы, застаецца выразным прыкладам спадчыны савецкіх часоў (размеркаванне з’явілася ў СССР у 1933 г.).

Больш за тое, усе краіны былога Савецкага Саюза ўжо адмовіліся ад такой практыкі. У Беларусі ж, наадварот, дадаецца яшчэ і працяглая адпрацоўка, тэрмін якой урад некалькі гадоў пагражае істотна павялічыць.

Паспрабуем зірнуць на практыку абавязковага размеркавання і адпрацоўкі з пункту гледжання беларускай аўтарытарнай сістэмы і эканомікі, як яе неад’емнай часткі. Што рэальна дае размеркаванне выпускнікоў эканоміцы Беларусі?

Нягледзячы на зафіксаваныя ў Канстытуцыі гуманістычныя прыярытэты беларускай эканомікі, з пункту гледжання дзяржавы, логіка адпрацоўкі ў тым, што бясплатная адукацыя для моладзі разглядаецца як інвестыцыя, якая абавязкова павінна прынесці дзяржаве пэўную карысць. Вучыўся за кошт бюджэту, калі ласка, папрацуй там, дзе дзяржава лічыць патрэбным.

На словах гэта можа выглядаць цудоўна: кожны выпускнік мае гарантаванае першае працоўнае месца, кожны рэгіён краіны планава атрымае неабходную колькасць маладых спецыялістаў. Таксама гэта, паводле афіцыйнай версіі, фарміруе пачуццё адказнасці і прыналежнасці да развіцця дзяржавы. Менавіта такімі аргументамі аперуюць абаронцы прымусовых адпрацовак.

У Беларусі існуе сацыяльна арыентаваная рэгуляваная рыначная эканоміка, а не эканоміка свабоднага рынку. Яна спалучае ў сабе элементы рыначных механізмаў, такія як прыватная ўласнасць, з моцным дзяржаўным рэгуляваннем і кантролем, накіраваным на забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці і выкананне дзяржаўных задач. Будзем памятаць гэтую заўвагу.

Рэальнасць у тым, што сістэма размеркавання сапраўды забяспечвае кадравае напаўненне жыццёва важных галін і рэгіёнаў, але адначасова спараджае праблемы з матывацыяй, эфектыўнасцю і адтокам кадраў, што ставіць пад пытанне яе доўгатэрміновую эканамічную мэтазгоднасць. Першае супрацьстаянне – так званае паспалітае добрае і свабода кожнай канкрэтнай асобы. Відавочна, чаму аддае перавагу беларуская мадэль. 

Згодна з беларускім заканадаўствам аб’ектамі сістэмы размеркавання з’яўляюцца «маладыя спецыялісты».

Малады спецыяліст – гэта выпускнік дзённай формы навучання, які атрымаў адукацыю за кошт бюджэтных сродкаў (або па мэтавым дагаворы) і накіраваны на працу па размеркаванні. Яго статус дзейнічае на тэрмін абавязковай адпрацоўкі (2 гады і 5 гадоў для мэтавікоў) і прадугледжвае пэўныя ільготы і гарантыі як для работніка, так і для наймальніка.

Гэты статус адрозніваецца ад проста «маладога працаўніка» тым, што ўключае абавязковае размеркаванне пасля атрымання адукацыі. Гарантыямі ды ільготамі для маладых спецыялістаў пахваляецца беларускае чынавенства: абавязковае першае працоўнае месца, базавыя сацыяльныя гарантыі (выплаты пры пераездзе, інтэрнат ці жытло, адтэрміноўка ад арміі, падвышаныя ці двайныя аклады). На практыцы ўсё выглядае крыху ці зусім не так.

Пасведчанне аб накіраванні на працу аўтара артыкула (2021 г.)

Усхваляючы паспяховасць сістэмы адпрацоўкі прадстаўнікі міністэрства адукацыі час ад часу апелюць да платнікаў. Яны, быццам бы, самі зацікаўленыя праходзіць адпрацоўку, бо, нягледзячы на дэфіцыт кадраў, існуючыя непатрэбныя і нерэлевантныя спецыяльнасці не спрыяюць запаўненню «кадравага голаду». Платнікі бачаць у размеркаванні выйсце, каб не застацца без працы, паколькі па размеркаванню абавязаны адпраўляць выключна па спецыяльнасці.

Міністэрства рапартуе: «Около тысячи платников ежегодно пользуются возможностью распределиться, потому что при распределении у них появляется статус молодого специалиста, который дает им ряд дополнительных возможностей и преференций».

Тут запытаемся: ці не з’яўляецца гэтае справядлівае жаданне платнікаў выкарыстаць ільготы наадварот аргументам супраць адпрацоўкі. Акрамя таго, што было сказана вышэй, менавіта ільготы прывабліваюць маладыя кадры.

Дык навошта захоўваць сістэму адпрацоўкі, калі можна пакінуць толькі ільготы? Ці па-іншаму, навошта дзяржава, якая абяцае справядлівы падыход да ўсіх, раптам пераводзіць у ільготную катэгорыю відавочна тых, хто ільготамі карыстацца не павінны?

Міністэрства адукацыі, як бачна, такія пытанні, прынамсі публічна, не задае...

Дзяржава канстатуе, што размеркаванне забяспечвае:

1. Кадравую стабільнасць: забеспячэнне спецыялістамі жыццёва важных, але непрывабных галін (сельская гаспадарка, медыцына, адукацыя) і рэгіёнаў;

2. «Вяртанне» інвестыцый: «аплата» за бясплатную адукацыю;

3. Зніжэнне беспрацоўя: фармальнае працаўладкаванне;

4. Планаванне рэсурсаў і падтрымку сацыяльных сфер: магчымасць кіраваць патокамі спецыялістаў.

Згодна з аналітыкай BBC ужо ў 2018 годзе чыноўнікі нават не хавалі: размеркаванне дапамагае «закрыць» найперш фінансава непрывабныя вакансіі. Нават у Менску да цяперашняга размеркавання было вольна больш за 400 месцаў для лекараў, 359 для інжынераў, 516 для медсясцёр, 153 для мэнэджараў.

Прайшло ўжо шмат часу, але нічога з большага не мяняецца, негатыўныя тэндэнцыі застаюцца на парадку дня.

Цяпер паглядзім на некаторыя аб’ектыўныя мінусы сістэмы размеркавання. Тут засяродзім увагу толькі на некалькіх істотных пунктах: абмежаванне свабоды выбару, нізкі заробак, адсутнасць цікавасці да працы, неадпаведнасць спецыяльнасці ці чаканням выпускнікоў, псіхалагічны дыскамфорт, праблемы з кар'ерным ростам і асабістым жыццём.

Заўважым мімаходам, што ніводная паспяховая эканоміка не патрабуе сістэмы абавязковага размеркавання. Замест гэтага – добраахвотныя мэтавыя праграмы і гранты з прывабнымі ўмовамі. Але ж у Беларусі, як мы памятаем, свая мадэль.

Нельга не прыгадаць, што прымусовая адпрацоўка можа быць кваліфікаваная як прымусовы труд, што супярэчыць у тым ліку, канвенцыям Міжнароднай арганізацыі працы. Аргументаў для гэтага дастаткова, распрацоўкай гэтай праблемы трэба надалей займацца.

Рэфармаванне сістэмы размеркавання ў Беларусі магло б быць скіравана на пераход ад прымусовай адпрацоўкі да гнуткай і стымулюючай мадэлі.

1. Замена абавязковага ўсеагульнага размеркавання на мэтавыя кантракты, гранты.

2. Гарантаваны канкурэнтны заробак, сацпакеты і жыллё для маладых спецыялістаў.

3. Карэкціроўка праграм падрыхтоўкі спецыялістаў пад рэальныя патрэбы эканомікі.

4. Істотна павышаныя ільготы і падтрымка для працы ў сельскай мясцовасці ці запатрабаваных сферах.

Яшчэ дзесяць гадоў таму Андрэй Лаўрухін даў рэкамендацыі па рэфармаванні сістэмы адпрацоўкі.

Падсумуем. Эканоміка Беларусі шмат ў чым залежыць ад абавязковага размеркавання і адпрацоўкі, а значыць, ад прымусовай працы ўвогуле. Размеркаванне і прымусовая адпрацоўка – анахранізмы, якія не спрыяюць развіццю беларускай эканомікі, толькі падтрымліваючы яе стагнацыю.

Але беларуская эканоміка не з’яўляецца рыначнай, таму спрабаваць рэфармаваць сістэму размеркавання небяспечна. Гэта, напрыклад, можа прывесці да таго, што вёскі, як у царскія часы, стануць тэрыторыяй, дзе медычная дапамога ўвогуле не перадугледжваецца, з-за недахопу кадраў. Дзяржава, якая ігнаруе самыя простыя патрэбы грамадзства лёгка пераскочыць і пойдзе далей, а ілюзорны камфорт жыцця шмат каго ў краіне знікне.

Неабходнасць рэформаў відавочная, але адносна іх кірунку няма пэўнасці. Абавязковае размеркаванне адназначна неэфектыўнае ў рыначнай эканоміцы, а вось для існай беларускай мадэлі яно неабходнае.

Размеркаванне мае дваісты характар: яно забяспечвае кадрамі, але нясе значныя эканамічныя і сацыяльныя выдаткі. Захаванне сістэмы тармазіць развіццё эканомікі.

Захаванне прымусовай адпрацоўкі, якая, дапамагае забяспечыць кадрамі праблемныя рэгіёны, цягне развіццё беларускай эканомікі і ўсёй беларускай антрапасферы ў мінулае. Без перагляду сістэмы немагчыма забяспечыць належную якасць жыцця і патрэбны рост эканомікі.  Але перагляд сістэмы адпрацоўкі без адмовы ад мадэлі сацыяльна арыентаванай рэгуляванай рыначнай эканомікі ў сенняшніх умовах, на жаль, немагчымы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(6)