Андрэй Бастунец: «Галоўная мэта – дапамога калегам, якія знаходзяцца за кратамі»
Сёлета спаўняецца 30 год Беларускай асацыяцыі журналістаў. Чаго былобольш за гэтыя 30 гадоў — станоўчага ці адмоўнага? Распавядае Радыё Рацыя шматгадовы старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец.
— Чаго больш за гэтыя 30 гадоў было станоўчага ці адмоўнага, зважаючы менавіта на сённяшні дзень, калі БАЖа ў Беларусі няма, але тым не менш БАЖ застаўся з беларускімі журналістамі па-за межамі Беларусі?
— За гэтыя 30 гадоў было шмат чаго, і як я ўжо сказаў, былі і пэўныя пазітыўныя моманты, і шмат негатыву.
Але сам тэрмін існавання, трыццаць гадоў існавання беларускай арганізацыі грамадскага сектару — гэта вельмі паказальна і вялікая падзея насамрэч. І тое, што нягледзячы на ўсе тыя выпрабаванні, з якімі мы сутыкнуліся ў апошнія гады, гэта і спыненне дзейнасці арганізацыі ў Беларусі, і наданне экстрэмісцкага статусу арганізацыі, пераслед яе сябраў, арганізацыя працягвае працаваць, працягвае рабіць тое, дзеля чаго і стваралася, яна мае аўтарытэт і ўнутры краіны, і міжнародны аўтарытэт.
Таму я ўсё ж такі лічу, што гэта вялікае дасягненне для нас усіх.
— З якімі праблемамі сёння сутыкаецца БАЖ як арганізацыя, якая па сутнасці расцярушана паміж рознымі краінамі, прынамсі Літвой, Польшчай? Ёсць журналісты і ў іншых краінах, і нават, можа, і за акіянам?
— Галоўнае, чым мы зараз займаемся, галоўная мэта — гэта ўсё ж такі дапамога тым нашым сябрам, якія знаходзяцца за кратамі. Нагадаю, што 40 журналістаў зараз знаходзяцца за кратамі, гэта мінімальная ацэнка. Беларусь з’яўляецца першай краінай у Еўропе па колькасці журналістаў, якія пазбаўленыя волі. І іх болей, чым у Расеі, напрыклад, ці ў Азербайджане. Гэта наш боль, нашы праблемы і тое, чым мы ў першую чаргу займаемся.
— А чым менавіта можна дапамагчы тым журналістам, якія з‑за палітычных прычын знаходзяцца ў зняволенні ў лукашэнкаўскіх засценках?
— Першае і галоўнае — гэта не забывацца на іх і нагадваць пра іх і беларускай супольнасці, і міжнароднай супольнасці, і ўрадам краінаў Еўропы і іншых кантынентаў праз журналісцкія арганізацыі пра гэтую сітуацыю, каб быў пэўны ціск на ўлады Беларусі з мэтай іх хутчэйшага вызвалення.
Зразумела, што мы аказваем і медычную, і псіхалагічную дапамогу тым, хто выйшаў з‑за кратаў. Мы працягваем аказваць і прававую дапамогу, хоць зразумела, што гэта сёння вельмі цяжка ва ўмовах Беларусі.
А пакуль з Беларусі прыходзяць сумныя весткі. Так, у апошнія тыдні лукашэнкаўскія сілавікі ўзмацнілі ціск на журналістаў унутры краіны і родных прадстаўнікоў медыя, якія вымушана працуюць за мяжой. Беларуская асацыяцыя журналістаў фіксуе новую хвалю такіх рэпрэсій.
Цалкам гутарку слухайце тут.
Читайте еще
Избранное