Былая палітзняволеная: «Няхай надыдзе той дзень, калі святло канчаткова пераможа цемру»
Ірына Шчасная ўзгадала Вялікдзень, які правяла ў беларускай калоніі.

— Захожу ў стужку Фэйсбуку. Столькі беларусаў святкуе Вялікдзень — і гэта грэе душу. Жыццё ідзе, людзі не здаюцца, трымаюцца, як бы цяжка ні было. І гэта надае надзею, — напісала Шчасная.
…У гэты светлы дзень я не магу не ўзгадаць Вялікдзень 2023 года — той, які я правяла ў катавальні ПК-4.
Быў выходны. Асуджаныя жанчыны займаліся сваімі справамі, адпачывалі ад цяжкіх будняў фабрыкі — адзіны дзень, калі можна было крыху ўздыхнуць. І раптам — налёт. У атрад уварваліся людзі ў вайсковай форме. Ператрус.
Божа, які жах. У адной з жанчын знайшлі бялізну, якую яна сушыла «не ў адпаведны час». І гэтая дробязь — бялізна! — стала падставай для калектыўнага пакарання: увесь атрад, 90 чалавек, выгналі пад палючае сонца і трымалі там тры гадзіны. Без магчымасці сесці, без права адысці ў цень.
Старэйшым жанчынам станавілася дрэнна. Хтосьці губляў прытомнасць. А я стаяла і паўтарала толькі адну малітву: «Вышэйшыя сілы, няхай гэтым вылюдкам усё вернецца…»
Выбачайце, што ў такі дзень узгадваю боль. Але не магу маўчаць, калі сотні беларусаў, нашых братоў і сясцёр, дагэтуль за кратамі. Мае думкі — толькі з імі.
Няхай лёс беражэ ўсіх, хто церпіць несправядлівасць. І няхай надыдзе той дзень, калі святло канчаткова пераможа цемру.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное