Общество

Алеся Матусевіч

Чаму «рускі свет» адчувае сябе ў Беларусі, як дома

«Бадзёрым крокам рух у мінулае». «Салідарнасць» пералічвае тры факты пра здачу ўладамі беларускай культуры і мовы без бою.

Гэтымі днямі ў Мінску адбыўся чарговы «хурал», бязлітасны і бессэнсоўны — так званы «Усебеларускі народны сход». Хоць беларускага ў ім кот наплакаў: мо некалькі бігбордаў, на фоне якіх пазіруюць дэлегаты. Усё астатняе — міма, ад пафасных заклікаў і пасведчанняў удзельнікаў да прамовы старшыні, у якой прагучала ўсяго адно беларускае слова: «памяркоўна».

Затое Лукашэнка ў каторы раз паўтарыў, што Беларусь пры ім «з першага да апошняга дня» будзе разам з Расіяй. І ў пэўным сэнсе сваёй мэты правіцель ужо дасягнуў: пакуль ён палохае беларусаў уяўнымі пагрозамі з Захаду, «рускі свет» пачуваецца ў Беларусі, як дома. А  беларускай мове і культуры адведзена вузкая ніша, фактычна, рэзервацыя, прыгожанька абкладзеная рушнікамі з арнаментам ды саламянымі капелюшамі.

Люты 2021 года, акцыя «Адчуй смак роднай мовы» ў Мінску. Фота: nlb.by

Гаворка нават не пра тое, што за десяць год колькасць школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, зменшылася на трэць. Што падручнікі гісторыі ў апошнія гады перапісваюцца на прарасейскі капыл. Што няўхільна змяншаецца колькасць беларускамоўных кніг, якія выдаюцца ў нашай краіне. Хоць гэта ўсё праўда.

Але сваё, беларускае выціскаецца нават з тых сфер, дзе раней яму ніхто не замінаў. Вось толькі тры факты за 2025 год.

Чотка, ярка, па-беларуску… ні слова

Найбуйнейшыя мінскія ўнівермагі, ГУМ і ЦУМ, аформілі свае навагоднія вітрыны. У першым выпадку крэатывілі беларускія брэнды, у другім адбылася калабарацыя з сервісам дастаўкі ежы ЯндэксGo. І вось што атрымалася.

За шклянымі вокнамі ГУМа — рознакаліберныя ёлкі, больш ці менш яркія малюнкі, назвы знаёмых беларусам кампаній. Чотка, ярка, па-беларуску… ні слова. Хоць яшчэ пару год таму — было. У ЦУМе яшчэ горш:  падкрэслена рэкламныя адсылкі да рускіх казак: Ямеля, Марозка. Пры чым тут Новы год? Пры чым тут Беларусь?

Тое, што можна было зрабіць і па-іншаму, у гэтыя ж дні прадэманстравалі ў гандлёвым цэнтры Dana Mall, дзе навагодняя інсталяцыя цёплая і беларуская: з Казой і батлейкай, з арнаментам і зубрам, з беларускамоўнымі подпісамі.

А былі (вы яшчэ помніце?) калісьці і на вітрынах ГУМа карціны беларускіх мастакоў, вершы беларускіх паэтаў, у тым ліку Коласа і Бураўкіна. Былі і выцінанкі, і мядзведзь з казой. Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч рабіў вершаваныя калядныя паштоўкі для ЦУМа, але ж цяпер ён для рэжыму «экстрэміст».

Словам, логіка беларускіх гандлёвых сетак зразумелая: ніхто з іх не будзе сёння рызыкаваць супрацай з беларускімі творцамі, якія ў кожны момант могуць стаць «нелаяльнымі». Зразумелая — і сорамная.

Павольны аншлюс і Караткевіч па-расейску

Другая гісторыя — пра тэатр. На сёння ў Беларусі 28 прафесийных тэатраў, але толькі 3 калектывы працуюць выключна па-беларуску. Зусім нядаўна з іх ліку выпаў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, адкуль з-за палітычнага пераследу сышоў шэраг акцёраў, а новая дырэктарка абвясціла пра планы ставіць «рускую класіку». Гледачы — прагаласавалі нагамі.

Але, мабыць, яшчэ больш красамоўнае сведчанне — сёлетняя нацыянальная тэатральная прэмія. Яе вынікі падвялі на пачатку снежня. І сярод пераможцаў — ніводнае пастаноўкі на беларускай мове.

Каб двойчы не ўставаць, згадаем яшчэ пра беларускае кіно. Ці ведаеце вы, колькі мастацкіх фільмаў па-беларуску выпусціла сёлета нацыянальная (гэта важна!) кінастудыя? Адказ просты: нуль. Зеро. Калі хто сумняваецца — можна пераправерыць на сайце «Беларусьфільма».

Нават леташні «нацыянальны блакбастар» «Чорны замак» паводле Караткевіча зрабілі на замову Мінкульта РБ расейцы. А беларускія рэжысёры адзначыліся толькі прапагандысцкімі падробкамі «Пераломны момант» і «Класная». А Дзень беларускага кіно адзначылі імпрэзай з цынічнай назвай «Любіць кіно па-беларуску».

Кадр з гістарычнай драмы «Купала», якую з палітычных прычын шырокая беларуская публіка дагэтуль так і не ўбачыла.

А калі няма свайго — свабодную нішу вельмі хутка займае чужое. Таму з 2021 года па Беларусі ўпэўнена крочаць Дні расійскага кіно пад брэндам Russian Film Festival, а таксама прапагандысцкі фэст Eurasia.doc пад выглядам дакументальнага кіно краін СНД.

«Ідзе павольны аншлюс і спробы новай культурнай арганізацыі», — канстатуюць эксперты Беларускае рады культуры, і з імі, на жаль, не выпадае паспрачацца.

Добра гавораць, ды нядобра твораць

Паралельна распаўсюджвае свой уплыў і так званая мяккая сіла — пад эгідай федэральнага агенцтва «Рассупрацоўніцтва» ў нашай краіне з’яўляюцца і актыўнічаюць усё новыя філіялы Расійскага цэнтра навукі і культуры, «Рускія дамы».

Найстарэйшы з іх — у Мінску — нядаўна адзначыў 15-годдзе, чацвёрты і пакуль што самы малады летась адчыніўся ў Гродне.

Калі нехта ў 2025 годзе яшчэ задаецца пытаннем, маўляў, што тут такога — нагадваем. Гэтыя прадстаўніцтвы ўцягваюць у арбіту свайго ўплыву дзяржструктуры, НГА, дзіцячыя і моладзевыя арганізацыі, займаюцца прапагандай палітыкі Крамля і прасоўваннем наратываў, якія апраўдваюць расейскую агрэсію ва Украіне.

А доўгатэрміновая мэта, якой Расія імкнецца дамагчыся такім чынам, як зазначаў кіраўнік iSANS Улад Кобец, — выхаванне лаяльнага пакалення беларусаў, якія сама меней будуць успрымаць РФ галоўным сябрам і партнёрам нашай краіны, а як максімум — падтрымаюць ідэю «шчыльнай інтэграцыі», калі гэта спатрэбіцца.

Дарэчы, у сталіцы два гады таму «Рускі дом» перабраўся — іронія лёсу — у гістарычны цэнтр горада, у будынак ХІХ стагоддзя на вуліцы Ракаўскай. А надалей пад новы (пяты?) «Рускі дом» у Мінску ўлады плануюць выдзеліць участак у парку Дружбы народаў, каля плошчы Бангалор.

Вось так выглядае шыльда «Рускага дома» акурат гэтымі днямі, у сэрцы Мінска. У той час як ад Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны не засталося нават шыльды. Бо ў 2021 годзе ўлады яго ліквідвалі.

Грамадская арганізацыя, якая плённа супрацоўнічала з Мінадукацыі, абараняла беларускія класы і школы, прасоўвала беларускую мову на дзяржаўным тэлебачанні, адстойвала беларускія назвы прыпынкаў і гэтак далей, раптам стала ў вачох уладаў злоснай парушальніцай закону.

***

Ведаеце, што самае парадаксальнае? Лукашэнка, які ўспрымае Беларусь, беларусаў, усё беларускае як рэсурс, які можна выгадна прадаць і добра зарабіць, наўмыснай прыхільнасцю да «рускага свету» сам жа пазбаўляе сябе гэтых магчымасцяў.

Прыкладам, замежныя і нават расійскія турысты пераважна едуць у нашу краіну не дзеля таго, каб паглядзець, як у нас «чысценька» і занурыцца ў настальжы па «саўку». І не за тым, каб паглядзець у тэатрах рускую класіку, патрыятычна перавыхавацца, закупіцца кітайскімі сувенірамі — у іх саміх гэтага дабра поўна. Едуць, як і ў любую іншую краіну — акурат па нацыянальную культуру, гісторыю, мову, кухню, музыку, рамёствы, прыроду. Па беларускі вайб. Аграсядзібы. Святы. Палацы. Вось гэта ўсё.

Нездарма навіна пра пераклад на рускую мову прыпынкаў у Мінску выклікала хвалю абурэння нават у замежнікаў.

У некаторых маршрутках у Мінску рэклама на кожным сядзенні – расійскі хакеіст і расійскі акцёр. Гэтыя анлайн-казіно і букмекерскія канторы ўвесь час выкарыстоўваюць у сваёй рэкламе рускіх спартоўцаў і акцёраў, прычым цяпер гэта менавіта тыя, хто лаяльныя пуцінскаму рэжыму і якія падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне. Такой рэкламы вельмі шмат усюды: абчэплены ўвесь горад.

І калі ствараць беларускі вайб прымусова — атрымаецца хіба  «крэатыў» кшталту нядаўняй прапановы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю: маўляў, давайце ўсе будзем беларусамі… па пятніцах. Штопятніцу чыноўнікі прапанавалі купляць сваё, насіць сваё, слухаць сваё. У астатнія дні, відаць, і не спадзяюцца.

А не перашкаджаць беларушчыне развівацца і не лезці «дзяржаўнымі рукамі» ўпарадкоўваць гісторыю, мову і культуру — патэнцыйна выгадна, аднак, відаць, дзеючым уладам вельмі страшна. Бо спачатку рыцарскі клуб, потым фэст, потым крамы нацыянальных сувеніраў, незалежныя творцы, угодкі БНР, размовы пра нацыянальную ідэнтычнасць — а там, глядзіш, зноў «разгойдваць» пачнуць?

Не тое што з «рускім светам» — звыклы, зразумелы, бадзёрым крокам рух у мінулае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(19)