«Частка прац з нашымі сцягамі засталася ў Беларусі. Схаваная пад Менскам»

Пра «Птушак з народам», брата ва ўнутраных войсках ды што ратуе, калі накрывае туга, «Салідарнасці» распавёў мастак-жывапісец Антось Радзівонаў.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Антось рэстаўраваў іконы ў Нацыянальным мастацкім музэі ды працаваў мастаком-дызайнерам у Парку высокіх тэхналогій. А потым стварыў уласную творчую майстэрню ў Менску.

— Антось, калі гэткае, здаецца, сытае жыццё пайшло не паводле плану, і вы з’ехалі?

— Ды не было сытага жыцця ніколі (усміхаецца). Пра Парк высокіх тэхналогій — гэта ўсё міфы, проста офіс там знаходзіўся. Максімальна атрымліваў тысячу даляраў.

У мяне быў выбар: застацца і сесці ці з’ехаць.

Пачалося ўсё з серыі карцін «Птушкі з народам». Калі завялі справу ў дачыненні да «Аховы птушак Бацькаўшчыны», якія публікавалі мае працы ў 2020-м. Тады ж мы былі на энтузіязме, здавалася, 5 дзён — і лукашызма ўжо не будзе.

Заўважыў, што за мной сочаць, калі раніцай вадзіў дачку ў школу. Мне патэлефанавалі і запрасілі на размову ў КДБ. Я адказаў, што дзякуй, не хачу, бо чуў што вы людзей катуеце. «Ды не, усё нармальна!»

Параіўся з адвакатам ды калегамі, якія сказалі «збірай валізку і нафіг валі адсюль». Гэта быў 2022-гі, а першы раз я з’ехаў у 2021-м. У Львоў, бо губазікаўскія каналы надрукавалі матэрыял з фота счэпкі каля стэлы. На ім у тым ліку былі я і мой сябар.

Праз паўгады, калі, здавалася, было ціха, я вярнуўся праз Расею. І тады за мяне ўзялося ўжо КДБ.

У Менску ў мяне была бацькава кватэра, майстэрня ад Саюза мастакоў. І я нікуды не планаваў з’язджаць. Але добра што так сталася, бо ў мінулым годзе мяне прызналі экстрэмістам, і шмат хто адвярнуўся, нават кантактаваць баяцца. КДБ хадзіла ды апрошвала на Радзіме маіх сяброў, блізкіх. За карціны з птушкамі (пасміхаецца).

Але сёння мне ўжо не так цяжка, як адразу пасля пераезду. У Варшаве здымаю кватэру. Працую там, дзе жыву. Усё з нуля. Падаўся на міжнародную абарону, першы час плацілі 800 злотых (каля 200 еўра), якія я аддаваў за пакой. Напачатку дапамагла Рада культуры ды знаёмыя. Жонка з дачкой прыехалі толькі праз паўгады.

А першыя паўгады я жыў і працаваў у падвальным памяшканні, у пакойчыку, дзе ў вакенца бачыў толькі ногі мінакоў. Быў перыяд, што хацелася ўзяць нож і ўскрыць сабе жылы...

«Клеілі птушак з бела-чырвонымі стужкамі на менскія будынкі»

А як нарадзілася серыя карцін «Птушкі з народам»?

— Мяне ж арыштавалі 15 лістапада 2020-га на Плошчы перамен, падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. У РАУСе я прасядзеў содні. У той дзень арыштавалі каля паўтары тысячы чалавек. Тады яшчэ не разумелі, куды гэтых людзей раскідаць. Мяне адправілі дадому, і я вельмі моцна захварэў на кавід. Патрапіў у лякарню, было пашкоджана 20% легкіх. Дзякуючы гэтаму суд перанеслі і потым далі толькі штраф.

На акцыі я тады ўжо не хадзіў з-за здароўя, і ўсю сваю барацьбу накіраваў на творчасць. Так і з’явіліся птушкі з нашым сцягам і бел-чырвона-белымі стужкамі.

Людзі рэагавалі пазітыўна. Залезеш у фэйсбук, там на некаторых аватарках мае птушкі. Мне пісалі, ці можна ўзяць, друкавалі вялікага памера і клеілі птушак з бел-чырвона-белымі стужкамі на менскія будынкі.

Калі я ствараў гэтыя карціны, у галаве з’явілася алегорыя з беларусамі, якія выходзілі на мітынгі і былі вымушаныя з’ехаць. Але калісьці, як птушкі, мы абавязкова вернемся.

— Вельмі прыгожы і незвычайны, таямнічы, атрымаўся партрэт вашай жонкі...

— Я шмат іх рабіў, у розныя гады. У 2020-м зрабіў яшчэ адзін, назваў «Вясна на сэрцы». Гэта праца зараз са мной, але частка прац з нашымі сцягамі засталася ў Беларусі. Схаваная пад Менскам.

— Напэўна, ў Беларусі схаваная і карціна «Спевы птушак», з файным рыцарам і нашым сцягам?

— Так, і яна схаваная на Радзіме. За яе, ужо пасля падзей 2020-га, на Восеньскім салоне ў Палацы мастацтваў я атрымаў 3-е месца і прыз сімпатый наведвальнікаў. Тады яшчэ мяне не пагналі з саюза мастакоў. Выключылі ў 2023-м, разам з Пушкіным і Цэслерам.

Карціна «Спевы птушак» нарадзілася ў 2019-м, бо заўсёды быў свядомым чалавекам. Я ж не ў 2020-м прачнуўся. Я лез і ў 2006-м, і ў школе ўжо разумеў, што штосьці не так, і што трэба размаўляць па-беларуску.  

Пабачыла фотаздымак з акцыі, дзе вы на плошчы Незалежнасці. Які для вас быў самы моцны момант пратэстаў?

— 9 жніўня на Стэле. Мы з сябрамі трапілі ў самае пекла. Тады і стралялі, і выбухоўкі былі. Мяне сябры выцягвалі адтуль, не хацеў сыходзіць…

Ужо ў той момант разумелі, што калі зараз нічога не атрымаецца  — то ўсё. Так, было яшчэ і 16 жніўня, кропля надзеі: «Ай-яй-яй, колькі людзей выйшла!» Але ж, па-добраму, гэта быў «карнавал». А дыктатуру карнавалам, на жаль, не пераможаш. 

«За кватэру плачу тысячу даляраў »

— У Варшаве ў мяне было 4 персанальныя выставы. Я працую ў тэхніцы алейнага жывапісу. Люблю алей, бо ён вельмі пластычны, жывая фарба. Мне падабаецца, што яна не адразу сохне, можна дарабляць форму працяглы час.

Наконт беларускага творчага кам’юніці, то, на жаль, няма еднасці, ідзе падзел «свой — чужы». І нават часам горшы, чым быў у Беларусі. Так, там цэнзура, але і тут яна ёсць таксама. Пра некаторыя выставы даведваешся праз дзесятыя рукі і інтэрнэт. Тое ж адбываецца не толькі ў мастацтве, але і ў палітыцы.

У мінулым годзе я быў на сустрэчы з Ціханоўскай, Латушка і Коўшык, казаў пра сітуацыю, прасіў параіць, куды звярнуцца, каб у мастакоў у выгнанні з’явіліся свае майстэрні. Я за кватэру плачу тысячу даляраў, адкуль грошы на майстэрню вазьму?

Латушка парэкамендаваў зрабіць фундацыю. Дык яна ж таксама шмат грошай цягне. Я ж не Ракфеллер. У выніку ноль дапамогі.

«Намаляваў дразда-партызана, які ў Драздах лукашэнкаўскіх партызаніць»

— Жонка кажа, што ў эміграцыі мае справы значна лепш, бо колькі ўжо і выстаў было, колькі прац набылі. Купляюць не вельмі шмат, але ж апошнюю, «Горад птушак», набылі за 5 тысяч даляраў. У Менску такіх грошай не было, як не было ніводнай маёй персанальнай выставы. Зараз я ў Польскім саюзе мастакоў.

Яшчэ мае карціны былі на выставе «Мастацтва ў выгнанні» ў Балонні, дзе прымалі ўдзел 15 беларусаў, што пацярпелі ад рэжыму і не могуць вярнуцца на Радзіму. Дапамаглі італьянцы, Андрэй Стрыжак рабіў публікацыі пра данаты.

Перад выставай у Італіі я напісаў чатыры карціны, у тым ліку  «Сокал» у падтрымку Украіны, «Пугач», які палохае ворагаў, і «Дрозд» — партызан, які ў Драздах лукашэнкаўскіх партызаніць. Агулам такіх птушак, мо, 20, шмат якія карціны набылі. Але ж тут я плачу падаткі ды арэнду кватэры. І асабліва нічога не застаецца. Калі б не жонка і яе заробак, было б цяжкавата.

Кожны дзень займаюся спортам, сёння быў на турніках, заўтра бегаць пайду. Спорт ратуе.

Насамрэч у Польшчы я паспеў папрацаваць і на рэстаўрацыі палаца XIX стагоддзя пад Уроцлавам, на могілках рэстаўраваў помнікі. У мяне не было мажорскага пераезду. І да псіхолага хадзіў, і антыдэпрэсанты зараз п’ю.

Шмат было цяжкасцей. Родны брат, калі ўжо мая жонка з’ехала, папрадаваў мае рэчы, мэблю. І здаў кватэру, ў якой мы жылі. Без майго дазволу. Кватэра бацькава, а тое што там мае рэчы, дык, думаю, яму не замінала: «Дык а хто ён такі?»

Было вельмі балюча, папросту выходзіў і араў на ўсю моц. З іншага боку, гэты вопыт зрабіў мяне мацней, мо, на жаль, нават больш жорсткім.

«У мяне брат ва ўнутраных войсках, і ён казаў, што гэта я здраднік»

— Мне нават псіхолаг сказаў, што я нагадваю быліннага героя, які пакінуў уласны дом, сваякі адмовіліся. У мяне брат ва ўнутраных войсках, і ён казаў, што гэта я здраднік. І паслаў мяне на тры літары.

— Магчыма, ён гэта зрабіў, каб утрымацца ва ўнутраных войсках?

— Мне не цікавая прычына. Яго слова сказанае, я сабе такога не дазваляў у яго бок. Гэта як у адносінах: калі табе здрадзілі адзін раз — здрадзяць і другі, і трэці. Выбачаць нельга. 

— Як успрынялі навіну, што вас запісалі ў экстрэмісты?

— Ну, усіх запісваюць, і мяне запісалі. Я ўсіх папярэдзіў у інстаграме. І адразу 300 чалавек адпісалася. Хтосьці прасіў прабачэння, бо жыве ў Беларусі.

У астатнім ўсё, як і раней. Мяне не запалохаеш. Мне губляць няма чаго, у Беларусі ў мяне нічога не засталося. 

Тут, акрамя працы, я раблю тое, што магу. Даначу кожны месяц, у тым ліку на ЗСУ.

У мяне ёсць сябры, свая супольнасць, разам ходзім на трэніроўкі. Каб, калі будзе магчымасць прыехаць у Беларусь, мы б не аказаліся спітымі развалюхамі з кучай хвароб. А прыехалі б на Радзіму моцнымі людзьмі.

«У Польшчы зараз адчуваю сябе нават больш дома, чым калісьці на Радзіме»

Якая зараз самая вялікая для вас складанасць?

— Хочацца сваю майстэрню, але ж па фінансам не выцягваю. І сваё жытло. Хацеў бы працаваць на сябе. Бо цяжка, як я зараз, увесь час за кампом. Працуеш на кагосьці і атрымліваеш грошы толькі, каб штаны з цябе не ўпалі.

Карціны набываюць, але не ўвесь час.

Але я не скарджуся, бо вельмі не падабаецца, што ў эміграцыі беларусы шмат пакутуюць. І тое ім ня тое, і таго няма, і вярнуцца не можам. І куды гэтыя пакуты нас прывядуць? Ужо час раздупляцца.

Маё жыццё надламілася, калі ў 2016-м памерла мама. Тады і ў сям’і праблемы пачаліся, і з бацькам. Вось тады было цяжка. А пасля 2020-га я ні аб чым не шкадую.

Трэба жыць зараз. Ідзеш па вуліцы і разумей, што ты тут.      

У Польшчы зараз адчуваю сябе нават больш дома, чым калісьці на Радзіме. Бо там я ўвесь час быў быццам заціснуты, а тут кожны дзень адчуваю паветра свабоды. Насамрэч мой дом там, дзе я, мая жонка і мая дачка. Негледзячы на тое, што мы ў эміграцыі ўжо зусім іншыя і быццам па новай пачынаем жыцце, у тым ліку асабістае.

Усім нам трэба ствараць новае: пісьменнікам пісаць, мастакам маляваць карціны, музыкам ствараць новыя песні. Бо слабыя мы нікому не цікавыя. Трэба быць моцнымі: фізічна, маральна і духоўна. І быць падрыхтаванымі да ўсяго.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)