Ціханоўская: «Няўжо нашыя мэты і мары пра свабодную Беларусь зніклі? Вядома, не»

Лідарка дэмакратычных сіл звярнулася да суайчыннікаў у чарговую гадавіну падзей, якія вывелі беларусаў на вуліцы.

— Пяць гадоў таму беларусы выйшлі на вуліцы, каб абараніць свае галасы на выбарах і паказаць адзінства. І гэта назаўжды нас змяніла. Мы ўбачылі, колькі нас. Сотні тысяч людзей па ўсёй краіне запоўнілі плошчы і вуліцы гарадоў. Гэта было прыгожа, годна і страшна для ўлады, — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Палітык узгадала пра салідарнасць беларусаў, якая была ў тыя дні і нікуды не падзелася сёння.

— І нягледзячы на жахі рэпрэсій, беларусы не здаваліся. «Беларус беларусу — беларус» — невыпадкова з’явіўся гэты выраз. І гэтае пачуццё пляча адчуваецца і цяпер.

Часта падаецца, што барацьба з рэжымам патрабуе ад нас вялікіх спраў, аднак можна рабіць і простыя рэчы, — лічыць Ціханоўская.

Дапамагаць сем'ям палітзняволеных. Зараз ў Беларусі больш за 1100 чалавек знаходзіцца за кратамі, і нават добрае слова для іх родных — гэта ўжо вельмі многа, гэта дорыць тысячам людзей падтрымку.

Ствараць сваё. Няхай гэта будзе літаратура, музыка, кінафільм, YouTube-канал ці мастацкая выстава. Творчасць — гэта голас свабоды і яго нельга задушыць.

Быць бачным адзін для аднаго. Ведаць, што ў якой бы краіне ты ні апынуўся, там ёсць свае — беларусы — а значыць побач сяброўства і дапамога.

Хтосьці скажа, што прайшло пяць гадоў, мы прайгралі. Але гэта не так.

Хіба можна прайграць, калі вашыя каштоўнасці застаюцца нязменнымі? Няўжо нашыя мэты і мары пра свабодную Беларусь зніклі? Вядома, не. Я ўпэўнена ў гэтым.

Ціханоўская адзначае, што чуе крытыку і шмат парад, як перамагчы дыктатуру.

— І гэта значыць, што вам балюча. Бо калі б было ўсё роўна, то не было б спрэчак і дыскусій, бо абыякавасць нараджае толькі маўчанне. І я, як і вы, хачу, каб доўгачаканыя змены наступілі як мага хутчэй. Але, як і ў 2020 годзе, без вашай падтрымкі, вашай салідарнасці, гэта цяжка зрабіць.

Дык давайце чуць адзін аднаго, дбаць адзін пра аднаго і працягваць пачатае. Бо, пакуль мы верым і можам, мы абавязкова пераможам, — запэўніла лідарка дэмсіл.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)