Людзі ўсё роўна б даведаліся праўду, але рэжым ніколі не прызнае сваіх памылак. Мы б пабачылі спектакль з публічным звальненнем «вінаватых», але фатальныя наступствы для насельніцтва хаваліся б дзесяцігоддзямі.
Ціханоўская: «Рэжым сёння паводзіць сябе гэтаксама, як і савецкія ўлады падчас чарнобыльскай катастрофы»
Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў звярнулася да беларусаў з нагоды чарговай гадавіны аварыі на ЧАЭС.
— Сёння — 39 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Прайшло амаль чатыры дзесяцігоддзі, а наступствы той катострофы Беларусь адчувае і сёння, — звярнулася Святлана Ціханоўская да беларусаў. — Рэжым працягвае хаваць статыстыку захворванняў і дыягназаў на забруджаных тэрыторыях.
Лідарка дэмсілаў нагадала, што «тое самае адбывалася падчас эпідэміі кавіду пяць год таму, калі ўлады заклікалі лячыцца гарэлкай, а ў той самы час паміралі людзі».
Ціханоўская перакананая, што рэжым сёння паводзіць сябе гэтаксама, як і савецкія ўлады падчас катастрофы на ЧАЭС. Што людзям ва ўладзе прасцей замаўчаць, забыць, праігнараваць. Бо Чарнобыль — нязручная тэма, якая руйнуе карцінку дабрабыту і стабільнасці.
— І калі б Чарнобыль выбухнуў сёння, нас чакаў бы ўсё той жа падман дзяржаўных каналаў, маўляў, «нікай пагрозы няма», «ворагі спрабуюць пасеяць паніку», — лічыць Ціханоўская.
Чарнобыль не такі далёкі, як можа здавацца, гаворыцца ў звароце. Ціханоўская нагадала пра тое, як два месяцы таму расійскі беспілотнік прабіў абарончы саркафаг над Чарнобыльскай АЭС:
— І гэта магло стаць яшчэ адной страшнай трагедыяй, прычынай новых смерцяў. Што адказала на гэта Расія? Назвала гэта чарговай правакацыяй з боку Кіева.
На думку Ціханоўскай, рэжым у Беларусі не толькі ігнаруе пагрозы, але і стварае новыя. Напрыклад, атамную станцыю ў Астраўцы:
— Пры яе пабудове ігнараваліся і тэхнічныя стандарты, і нормы бяспекі. Колькі ўжо яна ламалася і спынялася? І колькі яшчэ трэба заключэнняў ад міжнародных экспертаў, каб зразумець, што гэтая станцыя — пагроза? І пагроза не толькі беларусам, але і нашым суседзям.
Больша за тое, сёння рэжым кажа пра пабудову яшчэ адной станцыі, нагадваецца ў звароце.
Выхваляецца размяшчэннем расійскай ядзернай зброі. Яе прысутнасць на нашай зямлі робіць Беларусь мішэнню, а беларусаў — закладнікамі чужога імперскага шаленства.
Гісторыя паказвае, што дастаткова адной чалавечай памылкі ці цынічнага загаду зверху, каб гэтая афёра абярнулася трагедыяй.
Кожны год 26 красавіка беларусы выходзяць на Чарнобыльскі шлях — каб не толькі ўшанаваць памяць ахвяраў і ліквідатараў, але і сказаць «не» — безадказнасці і хлусні, якімі прасякнуты як савецкі, так і цяперашні рэжым, нагадвае Ціханоўская.
— Але я веру, што ў будучыні Беларусь стане краінай, дзе галоўная каштоўнасць — чалавечае жыццё. Дзе ўлада будзе служыць людзям і адказваць за свае памылкі. Дзе не будзе месца ні ядзерным пагрозам, ні вайне, — падкрэслівае лідарка дэмсілаў.
Читайте еще
Избранное