Ціханоўская: «Успомніце сёння сваіх родных. Нават калі не можаце наведаць іх на могілках»
Лідарка дэмсілаў звярнулася да беларусаў з нагоды Дзядоў.
— Здаецца, амаль кожны з нас памятае гэты дзень яшчэ з дзяцінства, — цытуе Святлану Ціханоўскую яе прэс-служба. — Як уся вёска хадзіла на могілкі, у хаце рыхтавалі пачастункі для продкаў, а дарослыя гаварылі пра тых, каго ўжо няма, але хто ўсё яшчэ побач. У кожнай сям’і гэта выглядала па-свойму, але сэнс быў адзіны — успомніць сваіх родных і адчуць іх прысутнасць.
Дзяды — старажытная беларуская традыцыя. У гэты дзень продкаў запрашалі да стала, пакідалі для іх ежу і месца, запальвалі свечкі.
Лічылася, што душы прыходзяць да нас у госці: паслухаць ды паглядзець, як жывуць іх дзеці і ўнукі. І пакуль жыве гэты абрад — жыве і нашая сувязь з тымі, хто быў да нас.
Запытайце ў сваіх бацькоў ці бабуляў, як яны адзначалі Дзяды. Распавядзіце сваім дзецям пра нашыя абрады. Паказвайце, як гэта рабілі нашыя продкі і перадавайце веды далей.
Беларуская культура — жывая сіла, поўная глыбіні і містычнасці. І пакуль рэжым спрабуе выціснуць усё беларускае з нашай краіны, мы можам зрабіць тое, што ад нас залежыць — не толькі памятаць, але і старанна захоўваць.
Успомніце сёння сваіх родных. Нават калі не можаце наведаць іх на могілках — запаліце свечку, прамоўце іх імёны, аддайце ім хвіліну цішыні.
Не забывайце беларускія традыцыі — перадавайце іх дзецям і беражыце памяць у сваім сэрцы. Яны нагадваюць, што беларусы — сапраўды вялікая сям’я.
Мы памятаем не толькі сваіх продкаў, але і тых, хто загінуў ад рук рэжыму. Тых, хто аддаў жыццё за Беларусь, хто змагаўся ва свабоду Украіны і за права быць вольнымі. Гэтая памяць — нашыя карані і нашая сувязь адно з адным.
Читайте еще
Избранное