Цыганкоў: «Сюсюканьне перад моладзю, успрыманьне яе як нешта лепшае і вышэйшае — даволі беларуская рыса»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў – пра тое, ці заўсёды маладыя мае рацыю?

– Я не без нейкага ўнутранага зларадтва назіраю, як рассыпаецца адзін прымітыўны эмацыйны аргумент, якім нярэдка аперыруюць людзі, якія ня надта жадаюць дыскутаваць лагічна і доказна, – піша Цыганкоў. – Аргумент гучыць так — «а вось моладзь гэта любіць, моладзь выступае за гэта!»

Віталь Цыганкоў

Мяркуецца, што пасьля гэтых словаў апанент (які не падзяляе нешта, «за што выступае моладзь») павінен прысаромецца, паабяцаць «адукавацца», пакаяцца ў сваіх ідэйных памылках, каб не праслыць старпёрам і рэтраградам.

Мы ж бачым, як у любы допіс, дзе абмяркоўваюцца з розных бакоў нейкія тэндэнцыі ці рысы маладога пакаленьня — абавязкова прыбяжыць нехта «альтэрнатыўна адораны» са словамі «Крытыкуюце моладзь? Гэта старасьць»

Ну давайце паглядзім, за што моладзь. У Польшчы — 36 працэнтаў за «праварадыкальнага» Ментцэна (па краіне ў яго толькі 14 працэнтаў), у Германіі самая папулярная партыя ў моладзі — Альтэрнатыва для Нямеччыны.

У Францыі за Ле Пэн сярод 18-34 гадовых галасавала 37 працэнтаў (агулам па краіне 21 працэнт, першы тур 2022 года) Пенсіянеры (65+ гадоў) — за Макрона 40 працэнтаў (па краіне 28). Вобразна кажучы, «лібэрал» Макрон — лідэр пенсіянераў, а «кансерватарка» Ле Пэн — лідэр моладзі.

І я скажу, што не ўхваляю, але разумею гэтую моладзь. Бо галасуюць яны не за «кансерватараў», а галасуюць акурат за найбольш радыкальных (прынамсі, у рыторыцы) палітыкаў, супраць статус-кво, супраць мэйстрыму, які прынята называць «лева-ліберальным».

Супраць гэтай душнай паліткарэктнасьці, дзе табе распісваюць, як і што трэба гаварыць і думаць, а пра што лепш зусім не гаварыць і нават не думаць.

Супраць таго, што яшчэ толкам не ўступіўшы ў дарослае жыцьцё, ты ўжо за нешта і перад кімсьці вінаваты, яшчэ ня маеш працы і даходаў, але ўжо мусіш каяцца за свае «прывілеі».

І канешне, гэты пратэст моладзі будзе выяўляцца часам не ў самых прыемных персанажах, але гэты пратэст не паменшыцца — пакуль існуючыя ўлады не навучацца яго ўспрымаць і ўносіць карэктывы ў палітыку.

І дарэчы (пайду трошкі ўбок) такое сюсюканьне перад моладзю, успрыманьне яе як нешта лепшае і вышэйшае — такая даволі беларуская рыса. Не ўласьцівая заходняй культуры — прынамсі, скандынаўскай і англасаксонскай (не бярэм грэкаў і італьянцаў:)

Мне падаецца, у беларусаў гэта разьвілося ў савецкі час, калі моладзь масава пераехала ў гарады, паступіла ва ўніверсітэты. І менш адукаваныя бацькі сталі ўспрымаць сваіх дзяцей як істот больш важных і разьвітых.

Гэткае самапрыніжэньне — «моладзь заўсёды мае рацыю, моладзь лепш за нас ведае» і гэтак далей. Ну і плюс — «усё да апошняга аддам дзеля дзяцей, ахвярую ўсім дзеля іхняй будучыні, мы не жылі, хай хоць яны добра пажывуць».

На Захадзе ня так. Выгадаваў, адправіў у коледж — далей сам. Тое, што ты малады, а я ўжо сталы, ня робіць твае каштоўнасьці лепшымі, як і мае. Адносіны на роўных.

А калі адносіны на роўных — тады не ўзьнікае такіх банальных фразаў кшталту «толькі моладзь заўсёды мае рацыю».