Общество

Фотафакт. Пад вёскай Касцюшкава знікла шыльда на памятным камені Тадэвушу Касцюшку

Памятны камень Тадэвушу Касцюшку ля вёскі Касцюшкава ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці застаўся без інфармацыйнай шыльды.

Яе адсутнасць заўважылі чытачы Reform.news.

Памятны камень Тадэвушу Касцюшку без шыльды. Фота: крыніца Reform.news

Памятны камень кіраўніку паўстання 1794 года Тадэвушу Касцюшку паўстаў перад наведвальнікамі мясцінаў без шыльды. «Ці прыбралі, ці не ўзнавілі, хаця бачна, што помнікі побач прыводзілі ў парадак», — канстатавалі чытачы.

Да другой паловы ХХ стагоддзя вёска Касцюшкава называлася Трыгубава. У XVII стагоддзі ўваходзіла ў склад маёнтка Раманава Аршанскага павета Віцебскага ваяводства ВКЛ.

У 1943 годзе была спалена фашыстамі, пасля вайны адбудавана. У 1969 годзе Трыгубава была перайменавана ў гонар слыннага нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, генералісімуса арміі Рэчы Паспалітай Тадэвуша Касцюшкі.