Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: «Для Лукашэнкі візіт Келага — гэта магчымасць вярнуцца ў гульню хоць бы ў прапагандысцкім сэнсе»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину падзяліўся думкамі пра анансаваную сустрэчу правіцеля Беларусі са спецпрадстаўніком Трампа.

Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг можа наведаць Беларусь у найбліжэйшыя дні, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе Reuters са спасылкай на чатыры крыніцы.

Паводле слоў суразмоўцаў агенцтва, Келаг у прыватных размовах назваў гэтую паездку крокам, які «можа дапамагчы запусціць працэс мірных перамоў па спыненні вайны Расіі супраць Украіны».

Дзярждэп ЗША і пасольства Беларусі ў Вашынгтоне адмовілі Reuters у каментары. Па інфармацыі Нашай Нівы, візіт можа адбыцца ў пятніцу, 20 чэрвеня.

Пра матывы візіту амерыканскага топ-чыноўніка ў Беларусь Филин пагутарыў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Келаг выглядае слабым звяном у адміністрацыі Трампа, не кажучы ўжо пра сённяшнюю палітычную міжнародную ролю і вагу Лукашэнкі. Чаму менавіта гэтыя людзі будуць размаўляць пра перспектывы мірных перамоваў?

— Келаг даволі актыўна пачынаў, ён хацеў быць галоўным перамоўшчыкам з амерыканскага боку. У яго былі адпаведныя праекты, ён актыўна выказваўся ў сацыяльных сетках і медыях.

Келаг меў распрацаваны план. Прынамсі, контуры гэтага плана вядомыя. Ягоны падыход досыць кампрамісны: давайце замарозім вайну, спынім баявыя дзеянні і будзем размаўляць па тых пытаннях, дзе мы можам дамовіцца. А дзе не можам — тое адкладзем на пасля.

Аляксандр Фрыдман

З дыпламатычнага гледзішча гэта вядомая стратэгія. Раз-пораз яна працуе, але не ў гэтым канкрэтным выпадку. І зараз Келаг апынуўся ў цяні, яму няма чаго сказаць, бо ягоныя прапановы адрынутыя.

Амерыканская адміністрацыя не вырашыла, што з гэтым усім рабіць. Трампа тэма Украіны не цікавіць, у яго зусім іншы фокус зараз. А Келагу, між іншым, трэба неяк звяртаць на сябе ўвагу.

І ягоная праблема ад самага пачатку палягае ў тым, што расійскі бок адмаўляецца з ім размаўляць. Ён не падабаецца Расіі, бо Келаг праўкраінскі палітык, прадстаўнік старой школы часоў Рэйгана і Бушаў.

Што тычыцца Лукашэнкі, то з ягоных спробаў прарвацца на сусветную палітычную арэну, звярнуць на сябе ўвагу амерыканскай адміністрацыі нічога не атрымліваецца.

У кантэксце Украіны ў Вашынгтоне не згадваюць пра яго зусім. І ён сам праз пэўны час спыніў свае развагі пра Трампа і вынес тэму адносінаў з ЗША за дужкі.

У сённяшніх умовах гэты візіт дазваляе Келагу прадэманстраваць сваю актыўнасць, а для Лукашэнкі гэта магчымасць вярнуцца ў гульню хоць бы ў прапагандысцкім сэнсе.

Тут цікавай выглядае пазіцыя Масквы, якая нібыта не супраць гэтага. Бо мне цяжка сабе ўявіць, што Лукашэнка вядзе такую гульню за спіной у Крамля.

А пазіцыя Расіі тут можа быць такой: сустрэнуцца два чалавекі, якія ўсё адно нічога не вырашаюць. Пра што б яны ні размаўлялі, вялікага значэння гэта не мае.

Я б тут згадаў і чыннік вучэнняў «Захад-2025». Ці не мог спецпрадстаўнік Трампа звярнуць увагу на Беларусь і з гэтай прычыны? Прыехаць, каб атрымаць нейкую дадатковую інфармацыю. Даведацца асабіста пра тое, што тут плануецца.

Не выключана, што тэма вучэнняў будзе ўзнятая ў часе перамоваў.

Канечне, з пункту гледжання лукашэнкаўскага боку гэты візіт — у пэўнай ступені сенсацыя. Асабліва ўлічваючы тое, што Лукашэнку даўно не заўважаюць на Захадзе. І прапаганда будзе выдаваць гэта за поспех, ужо выдае.

Але нейкага сур’ёзнага значэння гэтая сустрэча мець не будзе, бо яе ўдзельнікі мала што вырашаюць.

— У якасці адной з версій: ці можа гэта быць спробай Крамля з дапамогай Вашынгтона ў чарговы раз паспрабаваць праціснуць Мінск у якасці перамоўнай пляцоўкі на фоне правалу перамоваў у Стамбуле?

— Паспрабаваць яны, канечне, могуць. І Лукашэнка сам будзе імкнуцца паказаць сябе надзвычай важнай персонай, з якой можна мець справы.

У прынцыпе, такім людзям як Келаг усё роўна, дзе весці перамовы. Ім галоўнае не дзе праводзіць, а пра што дамаўляцца. А зараз акурат няма пра што гаварыць. Тым больш ён цудоўна разумее, што ніякія еўрапейцы, ніхто з Украіны не паедзе да Лукашэнкі пра штосьці дамаўляцца.

Узняць гэтую тэму амерыканцы могуць, натуральна. Але гэта не той узровень, каб на штосьці разлічваць. Каб у Мінск прыехаў Уіткаф, пра нешта можна было б гаварыць. Каб гэта быў Рубіо, то мы б маглі казаць пра выхад на якасна новы ўзровень.

Але мы час ад часу бачым прамую камунікацыю паміж Трампам і Пуціным. І калі б яны захацелі навязаць варыянт з Мінскам, то маглі б наўпрост задзейнічаць такі ўзровень. Але Трампу гэта нецікава.

Яго захопліваюць велічныя, прыгожыя моманты: перамовы ў Ватыкане, напрыклад. Ці нават у Турцыі — гэта прымальны для яго ўзровень, як і ў Саўдаўскай Аравіі. Але ж пэўна не ў Мінску.

— Як навіна пра меркаваны візіт Келага да Лукашэнкі выглядае на фоне падзей у Іране?

— Тут мы маем адрозненні ў рэакцыі дзяржаўнай прапаганды ад пазіцыі Лукашэнкі і міністра замежных спраў Рыжанкова. Учора ў Лукашэнкі была такая выдатная магчымасць выказацца пра падзеі вакол Ірана. Ён ўжо і на тэму вайны пачаў казаць — падавалася, што не вытрымаў усё ж, зараз пачне. Але не, прамаўчаў.

Афіцыйная заява Рыжанкова: мы супраць усяго дрэннага, мы за ўсё добрае. Іншымі словамі — таксама ні пра што. І на гэтым тле заявы дзяржпрапаганды робяцца ўсё больш радыкальна антыізраільскімі і праіранскімі.

І, магчыма, візіт Келага — гэта адна з прычынаў такой стрыманасці Лукашэнкі. Заняць зараз выразную праіранскую пазіцыю? Келагу могуць сказаць: «Куды вы сабраліся ехаць? Там сядзіць саюзнік аятолаў, вы з ім размаўляць паехалі?»

Магчыма, гэтае маўчанне Лукашэнкі і звязанае з чаканнем візіту амерыканскага чыноўніка, які можа адбыцца, а можа і сарвацца.