Политика

Мацукевіч: Чаму сілавікі і прапаганда распачалі кампанію супраць нямецкай амбасады

Чым тлумачыцца прапагандысцкая атака беларускіх уладаў на амбасаду Нямеччыны? Адказам на што магла стаць гэтая спэцапэрацыя? Якія наступствы яна можа мець?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на Радыё Свабода адказвае старэйшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат Павал Мацукевіч.

— Напрыканцы траўня сілавікі ўварваліся ў рэдакцыі рэгіянальных незалежных выданьняў «Вольнае Глыбокае», Babruisk.info і «Вячэрні Бабруйск». Дзяржаўныя СМІ заявілі, што выданьні друкавалі станоўчыя матэрыялы пра Нямеччыну за грошы ад нямецкай амбасады.

Па словах прапагандыстаў само па сабе выкарыстаньне «мяккай сілы» замежнымі дзяржавамі — гэта ўжо экстрэмізм. Раней гэта не выклікала ва ўладаў асаблівага раздражненьня. Чаму выклікала зараз?

Павал Мацукевіч

— І дагэтуль спробы многіх дзяржаваў прасоўваць свой пазытыўны вобраз не выклікаюць у беларускіх уладаў ніякіх пярэчаньняў. Дастаткова прыгадаць, як прасоўваюць свой вобраз у Беларусі Расея і Кітай. Па тых апэратыўных здымках, якія выкарыстоўваліся ў гэтых прапагандысцкіх сюжэтах супраць нямецкай амбасады, бачна, што матэрыял зьбіраўся даўно. І толькі зараз яго вырашылі выкарыстаць.

З таго, што аб’ектам атакі стала амбасада Нямеччыны, я раблю выснову, што гэта, хутчэй за ўсё, нейкая помста за тыя, скажам так, складанасьці, зь якімі сутыкаецца зараз амбасада Беларусі ў Нямеччыне.

Што магло выклікаць такую рэакцыю беларускіх уладаў? Магчыма, тое, што беларускія афіцыйныя прадстаўнікі не былі запрошаныя на ўрачыстасьці з нагоды гадавіны завяршэньня Другой сусьветнай вайны.

А таксама тое, што беларускіх прадстаўнікоў не запрашаюць на мерапрыемствы, зьвязаныя з датамі вызваленьня нацысцкіх канцлягераў на тэрыторыі Нямеччыны.

— Прапаганда ў тлумачэньнях сваёй кампаніі супраць амбасады Нямеччыны кажа, што на Захадзе за такое караюць яшчэ больш жорстка. Але ці так гэта?

Калі, напрыклад, Расея прасоўвае нейкага палітыка ў Румыніі ці Нямеччыне, то там гэта сапраўды часам выклікае рэзкую рэакцыю. Але калі Расея рэклямуе там, скажам, расейскі балет ці Чэхава ці посьпехі расейскага бізнэсу, то гэта ж нікога не злуе.

— Я мяркую, што з боку беларускіх уладаў тут ёсьць элемэнт зайздрасьці. У беларускіх уладаў няма магчымасьцяў па прасоўваньні свайго станоўчага іміджу за мяжой, асабліва ў краінах Заходняй Эўропы. Банальна няма грошай, каб заплаціць за пазытыўны артыкул пра Беларусь.

Але думаю, што цяперашняя кампанія добра ўпісваецца ў агульную палітыку супрацьдзеяньня «шкоднаму ўплыву» Захаду. Пры гэтым амэрыканцы зараз, так бы мовіць, пасыпалі сабе галаву попелам і адмовіліся ад многіх інструмэнтаў «мяккай сілы». Нямеччына была адной зь нешматлікіх буйных краінаў Захаду, якая захавала сурʼёзнае прадстаўніцтва ў Беларусі.

Я ня думаю, дарэчы, што гэтая прапагандысцкая атака на нямецкую амбасаду надта сапсуе беларуска-нямецкія адносіны. Няма ўжо асабліва што псаваць.

Што можна пэўна сказаць, дык што на працы амбасады Нямеччыны ў Менску гэта адабʼецца вельмі нэгатыўна. І прывядзе да яшчэ большага абмежаваньня кола камунікацыі нямецкіх дыпляматаў у Беларусі.

Гэта сыгнал многім беларусам, што ў нават бяскрыўдных кантактах з замежнымі дыпляматамі трэба быць вельмі асьцярожнымі. І тое, што ўчора было дазволена і прымальна, сёньня можа разглядацца як перасячэньне «чырвонай лініі».

— Паводле вашай ацэнкі матэрыял для гэтай прапагандысцкай атакі зьбіраўся даўно. А чаму яе зладзілі менавіта цяпер? Зусім нядаўна ў Нямеччыне да ўлады прыйшоў новы ўрад.

Па ідэі, гэта магчымасьць адкрыць новую старонку ў двухбаковых адносінах, пазбавіцца ад цяжару мінулых канфліктаў. Які сэнс пачынаць адносіны з новымі ўладамі Нямеччыны, ладзячы скандал?

— Тут ня тое, каб рыхтавалася загадзя менавіта такое выкарыстаньне гэтай апэратыўнай сочкі. Шчыльнае назіраньне за замежнымі дыпляматамі ў Беларусі вядзецца ўвесь час — фіксуецца кожны іх крок. І гэты матэрыял назапашваецца.

Калі вяліся гэтыя апэратыўныя здымкі нямецкіх дыпляматаў, наўрад ці быў дакладна вызначаны спосаб іх выкарыстаньня. [У прапагандысцкіх стужках з абвінавачваньнямі на адрас прадстаўнікоў амбасады Нямеччыны былі выкарыстаныя апэратыўныя здымкі сустрэчаў нямецкіх дыпляматаў з журналістамі. — РС].

Тое, што выкарысталі менавіта цяпер, амаль адразу пасьля прыходу да ўлады ў Нямеччыне новага ўраду — гэта сапраўды трохі дзіўна. Маглі б хоць пачакаць пэўны час, паглядзець на першыя крокі гэтага ўраду. Але магчыма, што беларускія ўлады проста разьлічылі ці ведалі, якія пэрспэктывы разьвіцьця адносінаў з урадам Фрэдэрыка Мэрца. І станоўчай пэрспэктывы там не ўбачылі.

Не, зразумела, калі б беларускія ўлады, скажам, вызвалілі Марыю Калесьнікаву і перадалі часовай паверанай Нямеччыны, то гэта зрушыла б двухбаковыя адносіны ў станоўчы бок.

І эпізод кшталту цяперашняга скандалу быў бы забыты, дарэчы. Але на падобныя крокі беларускі бок відавочна не гатовы.

— Яшчэ наконт матываў прапагандысцкай атакі на нямецкую амбасаду — ці ня можа быць адным зь іх расчараваньне афіцыйнага Менскау ад таго, што яго запрашэньне да дыялёгу, накшталт памілаваньня некаторых палітвязьняў, засталося без адказу з боку Эўропы?

— Я ня думаю. Надта факусаваная атака — не на ўлады Нямеччыны, нават не на МЗС, а на амбасаду. Афіцыйны Менск вельмі крыўдлівы. І я ўсё ж думаю, што гэта неяк зьвязана са станам беларускай амбасады ў Нямеччыне.

— Нядаўна вы з Рыгорам Астапеням апублікавалі вялікае дасьледаваньне пра беларускую ўладную эліту, у прыватнасьці, пра супярэчнасьці ўнутры яе. Ці ня можа гэты эпізод быць іх адлюстраваньнем?

Магчыма, адны людзі ва ўладзе прасоўваюць дыялёг, памілаваньне палітвязьняў, а іншыя учыняюць скандал зь немцамі, пасьля якога дыялёг выглядае прынамсі, меней імаверным.

— Не, ня думаю. Гэта асобныя, незалежныя па сутнасьці трэкі. Кожны займаецца сваёй справай.

— А паводле вашага досьведу працы ў той сыстэме — калі сілавікі праводзяць нейкую апэрацыю, якая так ці інакш закранае міжнародную палітыку, тычыцца замежных дыпляматаў, гэтая апэрацыя неяк узгадняецца з МЗС?

— Тут я магу толькі меркаваць. І мяркую, што нейкае ўзгадненьне ёсьць. Але не міжведамаснае, але праз больш высокія інстанцыі. Якія ўзважваюць плюсы і мінусы падобных апэрацыяў у розных аспэктах.

І тут важны аспэкт дадзенай апэрацыі — што яна ня стала імгненнай рэакцыяй на нейкія дзеяньні нямецкай амбасады. Было прынятае палітычнае рашэньне. Мяркую, што ў спэцслужбаў ёсьць шмат падобных матэрыялаў па розных амбасадах. Іх трымаюць да пары.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(61)