На «Гродна-Азот» расказалі, як супрацоўнікаў правяраюць на паліграфе
Гэта толькі пагаршае сітуацыю з дэфіцытам кадраў. Цяпер на прадпрыемстве не хапае больш за 700 работнікаў, піша Наша ніва.

Апошнія гады на вядучых заводах супрацоўнікаў адпраўляюць на паліграф. Такая практыка ёсць, напрыклад, на прадпрыемствах, якія працуюць на абаронную прамысловасць — ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне», ААТ «Пеленг». Ці стратэгічна важных — як «Гродна-Азот».
Як расказалі «Нашай Ніве» супрацоўнікі «Гродна-Азот», падобная практыка пагаршае сітуацыю з недахопам кадраў. Але гэта не спыняе кіраўніцтва працягваць звальняць нелаяльных. Паліграф даводзіцца праходзіць як пры працаўладкаванні (прынамсі на адказныя пасады, простых рабочых на паліграф звычайна не адпраўляюць), так і пры працягу дамовы.
Праз паліграф у першую чаргу праходзяць супрацоўнікі з ліку «нядобранадзейных», калі паўстае пытанне працягваць кантракт. Таксама могуць выклікаць тых, каго палічаць падазроным праз нейкія дзеянні або выказванні на працы.
Нярэдка людзям не працягваюць кантракт менавіта пасля няўдалага праходжання праверкі на паліграфе.
Такі падыход прывёў да таго, што на заводзе ёсць абсталяванне, якім не могуць карыстацца, бо няма адпаведных спецыялістаў, расказаў адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства. Старых выгналі, а знайсці новых на іх месца не могуць праз тое, што далёка не ўсе кандыдаты праходзяць адбор менавіта па палітычным крытэрыі.
Азотавец кажа, што пры праходжанні паліграфа задаюць розныя пытанні, каб зразумець, наколькі шчыра ты любіш дзейную ўладу.
Калі па выніках праверкі ўзнікаюць сумневы, то ніхто не глядзіць на твае працоўныя якасці ці досвед працы. Цяпер першаснае, каб чалавек любіў Лукашэнку, а не быў добрым спецыялістам.
Недахоп кадраў пацвярджае і колькасць адкрытых вакансій на прадпрыемстве. На ААТ «Гродна-Азот» разам з філіялам «Хімвалакно» адкрыта 216 вакансій на 720 працоўных месцаў.

Дэфіцыт кадраў назіраецца не толькі сярод рабочых спецыяльнасцей, але і ў сярод кіраўніцтва завода.
Іншы суразмоўца, які працуе ў адным з даччыных прадпрыемстваў «Гродна-Азота», кажа, што паліграф могуць прымяняць у тым ліку дзеля прадухілення ўцечкі інфармацыі пра абыход санкцый прадпрыемствам. Па яго словах, нягледзячы на складанасці і выкрыццё некаторых схем, заводу дагэтуль удаецца пастаўляць прадукцыю ў Еўропу.
Раней БРЦ пісаў, што «Гродна Азот» абыходзіць санкцыі і пастаўляе сваю прадукцыю ў ЕС, выдаючы свой карбамід за ўзбекскі і выкарыстоўваючы фірмы-пракладкі.
Згодна з дакументамі, апублікаванымі «Радыё Свабода» ў 2024 годзе, «Гродна-Азот» пастаўляў сваю прадукцыю і ва Украіну. Прадукцыя з Гродна трапляла туды пад выглядам вырабленай у Туркменістане праз Расію і Балгарыю з дапамогай кампаніі, зарэгістраванай грамадзянінам Турцыі ў ААЭ.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное