Навумчык: «У сям'ю эўрапейскіх народаў беларусы паўнавартасна вернуцца толькі пад сваімі нацыянальнымі сымбалямі»

14 мая 1995 адбыўся ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум, у выніку якога беларуская мова была пазбаўлена статусу адзінай дзяржаўнай, герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг былі заменены мадэрнізаванымі савецкімі сымбалямі.

Таксама Лукашэнка атрымаў магчымасьць распускаць парлямэнт і праводзіць курс на інтэграцыю з Расеяй.

Сумны юбілей супаў з выхадам у беластоцкім выдавецтве «Kamunikat.org» новага выданьня кнігі «Дзевяноста пяты», якую напісаў Сяргей Навумчык – былы дэпутат Вярхоўнага Савету і ўдзельнік тых падзеяў.

– У лютым, пасьля сьмерці бацькі, які быў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і чвэрць стагодзьдзя ўзначальваў Віцебскую абласную Раду ТБМ, маці ў Віцебску пачала разьбіраць бацькавы паперы – гэта былі дзясяткі зваротаў у розныя мясцовыя інстанцыі адносна ня толькі ўжываньня беларускай мовы, але і захаваньня гістарычных, нацыянальных каштоўнасьцяў.

Сяргей Навумчык

Фактычна, усю апошнюю траціну свайго жыцьця бацька прысьвяціў гэтаму. Па сутнасьці, бацька і ягоныя паплечнікі па ТБМ як маглі супрацьстаялі рэалізацыі вынікаў так званага рэфэрэндуму 95 году.

І я зразумеў, што мушу вярнуцца да пачатку нацыянальнай трагедыі. Толькі гэтак я магу ацаніць рэфэрэндум 1995 году, які, па сутнасьці, зламаў хрыбет нацыі, і вынікі якога мы будзем адчуваць яшчэ доўга.

Так, палітычны разварот адбыўся ў 1994-м, але і зламаньне Канстытуцыі, і ўсталяваньне ўсеўладзьдзя аднаго чалавека, і зьневажаньне нацыянальнай годнасьці напоўніцу распачалося ў 95-м.

Дзесяць гадоў таму Радыё Свабода выдала маю кнігу «Дзевяноста пяты», двума выданьнямі, але цяпер я яе істотна дапоўніў – з 300 старонак да 450-ці. Адрозна ад ранейшай вэрсіі, прысьвечанай амаль цалкам рэфэрэндуму, у новае выданьне дададзеныя разьдзелы пра іншыя падзеі таго году.

Такія, як жнівеньскі страйк на менскім мэтрапалітэне, калі ўлады пасадзілі ў кабіны электрычак чыгуначнікаў і фактычна стварылі пагрозу жыцьцям пасажыраў, а потым паклалі «тварам ў ашфальт» лідэраў рабочага руху і спынілі дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу.

Альбо зьбіцьцё амэрыканскага паветранага шару, які падляцеў да расейскай ваеннай базы, пра існаваньне якой ня ведалі нават дэпутаты парлямэнту. Між іншым, тая падзея мусіла б зрабіцца вельмі ясным сыгналам Захаду пра становішча ў Беларусі, але не зрабілася.

Ці камплімэнтарныя словы Лукашэнкі ў адрас Гітлера, якія значная частка беларускага насельніцтва праглынула. Альбо восеньскія «давыбары» Вярхоўнага Савета, калі шэрагу кандыдатаў БНФ (трэба ж здарыцца такому супадзеньню!) – не хапіла 0,01% галасоў, каб быць абранымі – затое ў парлямэнт былі праведзеныя прарасейскія дзеячы, якія нават ня мелі грамадзянства Беларусі.

Практычна ўсё, што сёньня прымушае лічыць краіну дыктатурай, было акрэсьлена ўжо ў тым самым 95-м.

Працуючы над новым выданьням кнігі, перачытаў дакумэнты свайго архіву, стэнаграмы сэсіяў Вярхоўнага Савета і публікацыі ў прэсе. І яшчэ раз пераканаўся, што пра патэнцыйна разбуральныя наступствы рэфэрэндуму было сказана адразу, як толькі Лукашэнка ў лютым 95-га выступіў з гэтай ініцыятывай.

Прычым я маю на ўвазе ня толькі папярэджаньні Васіля Быкава, выступы на сэсіі Ніла Гілевіча, Генадзя Карпенкі, Зянона Пазьняка, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, але і меркаваньні тых, каго прынята называць «звычайнымі людзьмі» – настаўнікаў, рабочых, студэнтаў, пэнсіянэраў, якія пісалі ў незалежныя газэты.

Істотны момант: дзяржаўныя СМІ цягам усёй «перадрэфэрэндумнай кампаніі» слова апанэнтам Лукашэнкім не давалі (што, між іншым, было парушэньнем закону аб рэфэрэндуме). Але ў незалежных газэтах гучаў гэты крык беларускай душы (інакш я проста не магу сказаць), які заклікаў не зьнішчаць будучыню нацыі.

Галоўная небясьпека, пра якую казалася ўжо тады – рэфэрэндум ня проста зьнішчыць усе здабыткі нацыянальнага Адраджэньня, але паставіць пад пагрозу існаваньне найвялікшай каштоўнасьці народа, тое, што адрозьнівае кожны народ – беларускай мовы. Гэтак і адбылося, мы бачым, што сёньня робіцца.

Але хачу нагадаць, што намі аспрэчваліся ўсе чатыры пытаньні, якія Лукашэнка выносіў на рэфэрэндум. Бо ўсе чатыры былі ўзаемазьвязаныя.

Здавалася б, якая сувязь паміж пытаньнем пра дзяржаўную сымболіку і эканамічную інтэграцыю з Расеяй, альбо правам прэзыдэнта распускаць парлямэнт? А паралель прамая, і закранала яна даволі тонкія, адчувальныя катэгорыі.

Вяртаньне савецкай сымболікі нанесла калясальную шкоду міжнароднаму іміджу Беларусі, пра гэта тады вельмі добра сказаў Генадзь Бураўкін, які прадстаўляў у ААН Беларусь у першыя гады яе незалежнасьці, яшчэ да Лукашэнкі. Адмова ад нацыянальных сымбаляў і вяртаньне фактычна савецкіх гербу і сьцягу была сэнсацыяй. Беларусы ў вачах сусьветнай супольнасьці выглядалі гэткай «неданацыяй», і на гэтым фоне дрэйф «пад Расею» выглядаў у вачах Захаду лягічным.

Але яшчэ больш страшны вынік гэта мела ў самой Беларусі – нацыянальна сьвядомая частка грамадзтва была дэмаралізаваныя, адбыўся спад палітычнай актыўнасьці. У гэтых умовах Лукашэнку было значна прасьцей прыступіць да зьнішчэньня парлямэнтарызму і Вярхоўнага Савету як галіны ўлады.

Рэфэрэндум быў антыканстытуцыйным і незаконным, я налічыў некалькі дзясяткаў парушэньняў заканадаўства, пачынаючы ад фармулёвак пытаньняў, працэдуры прызначэньня (зьбіцьцё дэпутатаў), агітацыйнай кампаніі, галасаваньня і падвядзеньня вынікаў. Між іншым, Вярхоўны Савет 12-га скліканьня так і не зацьвердзіў ягоныя вынікі – гэта зрабіў парлямэнт новай кадэнцыі толькі праз год.

Цяжка рабіць прагноз, калі сытуацыя ў Беларусі дазволіць вярнуць і сьцяг, і герб, і мову.

І ўсё ж, у мяне ёсьць падставы для аптымізму. З беларускай мовай, зразумела, сытуацыя больш складаная, давядзецца пачынаць ледзь не з пачатку, з Закону, прынятага ў 1990-м, і гэта будзе не аднамомантны і вельмі няхуткі працэс.

А вось што датычна «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга – для іх вяртаньня ў статусе дзяржаўных сымбаляў спатрэбіцца ўсяго толькі рашэньне прэзыдэнта альбо парлямэнту, паколькі, падкрэсьліваю, рэфэрэндум 1995 году меў неканстытуцыйны і незаконны характар.

І ў сям'ю эўрапейскіх народаў беларусы паўнавартасна вернуцца толькі пад сваімі нацыянальнымі, гістарычнымі сымбалямі – іншага варыянту няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(86)