Пра што «забыла» расказаць прапаганда ў публікацыі да 125-годдзя Кузьмы Чорнага

Красамоўны прабел у біяграфіі на фоне сучасных рэпрэсій.

Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА апублікавала артыкул да 125-годдзя беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага. Публікацыя прыцягвае ўвагу некалькімі характэрнымі момантамі.

І пачынаецца ўсё з загалоўка, у якім класіка нашай літаратуры называюць «беларускім Дастаеўскім». Так, такім чынам у свой час яго называў літаратуразнаўца Алесь Адамовіч. Але ў нашы дні гэтае параўнанне выглядае яшчэ больш неадназначна.

Гэта хутчэй не прызнанне літаратурных заслугаў аўтара, а пазнака другаснасці літаратуры беларускай адносна «вялікай» рускай літаратуры.

Акрамя таго, у публікацыі дзяржпрапаганды ёсць істотны прабел. У пераліку асноўных жыццёвых і творчых падзей з біяграфіі Чорнага выпадаюць найбольш змрочныя гады ягонага жыцця.

«В 1930-я гады Чорный актыўна ўдзельнічаў у літаратурным жыцці Беларусі, быў адным з арганізатараў Саюза пісьменнікаў», — гаворыцца ў публікацыі. А далей адразу ідзе эпізод пра 1941-ы, калі «пісьменнік далучыўся да Чырвонай арміі, але ў хуткім часе быў адкліканы».

І ні слова пра тое, што ў кастрычніку 1938-га пісьменнік быў арыштаваны. Ні слова пра 8 жахлівых месяцаў у Мінскай турме, з іх 6 літаратар правёў у камеры-адзіночцы. Пра гэгулярныя жорсткія катаванні, ад апісання якіх робіцца млосна.

У яжоўскай турме ў Мінску ўвосень 1938 года мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі.

З дзённіка Кузьмы Чорнага

З войска пісьменніка адклікалі праз стан здароўя, якое ён падарваў у сталінскай турме. Чорны памёр, маючы ўсяго 44 гады.

«Амнэзія» прапаганды не дзівіць улічваючы тое, што адбываецца ў сённяшняй Беларусі, дзе па надуманых прычынах у турмы кінутыя тысячы чалавек. Дзе за кратамі ізноў гінуць творчыя геніі. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)