Неабыякавыя

Юлія Кот

«Прапаганда вучыць людзей ненавідзець. Азаронак кожнага дня гэта паўтарае»

Працаваць — не злачынства. «Салідарнасць» абмеркавала з праваабаронцай Human Constanta Энірай Браніцкай рэакцыю беларусаў на працоўных мігрантаў. І ці вучыць асабісты досвед талерантнасці.

Планы беларускіх уладаў вырашыць праблемы на рынку працы, прыцягваючы на яго замежнікаў, падсвяцілі шэраг праблем — як у дзяржаве, так і ў грамадстве.

Прынамсі заява Лукашэнкі пра 100-150 тысяч, нібыта гатовых неўзабаве прыехаць у нашу краіну, запусціла цэлы ланцужок падзей.

Спачатку вострую, часцей негатыўную, рэакцыю беларусаў у сацсетках, далей істэрыкі прапагандыстаў, абвінавачанні саміх беларусаў (маўляў, лянівыя і мала нараджаюць), а таксама традыцыйны «адказ» сілавікоў, якія пачалі як затрымліваць аўтараў каментароў і пагражаць крыміналкай за распальванне варожасці, так і дэманстраваць, што сітуацыя пад кантролем — згадаем публічнае выдварэнне мараканскіх студэнтаў, якія ўчынілі бойку ў Гомелі.

Аб чым сведчыць гэтая сітуацыя, чаму працаваць у іншай краіне — не злачынства, і ці сталі  беларусі больш талерантнымі да мігрантаў_к пасля 2020 года, калі самі фактычна аказаліся ў падобных умовах — гэтыя пытанні «Салідарнасць» абмеркавала з праваабаронцай Human Constanta Энірай Браніцкай.

Фота з асабістага архіву праваабаронцы

— Такая рэакцыя грамадства для мяне звязаная з тым, што, асабліва пасля 2020 года прапаганда вучыць людзей ненавідзець, вучыць не прымаць другіх, — зазначае праваабаронца. — Кропка кіпення праявілася вось такім чынам: мы і так ні на што не маем уплыву, а зараз дзяржава вырашыла яшчэ і мігрантаў прывезці, замяніць імі нас, таму мы цалкам можам дазволіць сабе іх ненавідзець…

У беларускай дзяржаве няма ніякіх заняткаў у школе па талерантнасці, шмат год ужо няма заняткаў па правах чалавека. Беларусы гнабяць і адзін аднаго, а калі пытанне датычыцца далёкіх замежнікаў — гэта тым больш праяўляецца.

І зразумела, што ёсць нейкі страх, бо Беларусь — даволі гамагенная дзяржава.

Хоць на 9 мільёнаў 60 тысяч замежнікаў, большасць з былых савецкіх рэспублік — гэта няшмат насамрэч, але мы не ведаем іншыя культуры, шмат людзей наогул ніколі не былі за мяжой. Гэта ўсё адбіваецца на ўспрыманні, бо невядомае заўжды палохае.

А дзяржава, замест таго, каб размаўляць пра інтэграцыю, інклюзію і гэтак далей, вырашае праблемы звыклымі сілавымі метадамі.

Зрэшты, Эніра Браніцкая мяркуе, што беларуская ўлада не насаджае ксенафобію мэтанакіравана — проста рэжым стварыў такія ўмовы ў краіне і ў грамадстве, што гэтая, вельмі непрыемная і небяспечная з’ява, расквітнела махровым цветам.

— Дзяржава ж кажа: гэта нармалёва, ненавідзець іншых, Азаронак кожнага дня гэта паўтарае. І ўсё гэта кладзецца на свядомасць людзей.

Думаю, гэта вялікі пракол, і насамрэч яны нават не чакалі такой рэакцыі, таксама былі крыху шакаваныя. Бо прыцягнуць замежнікаў —  вельмі важна, каб паспрабаваць вырашыць вялікую праблему недахопу працоўных рук.

Другі год, як яе прызналі на дзяржаўным узроўні. На пачатку 2024-га была зацверджаная міграцыйная стратэгія, у якой пазначана, што адток з краіны перавышае ўезд, і што адзін са шляхоў вырашэння крызісу — працоўная міграцыя.

Там, праўда, сказана, што варта вырашыць праблему культурна блізкімі мігрантамі, — але, відаць, яны не знайшлі тых самых «культурна блізкіх» мігрантаў_к, якія хацелі б паехаць у Беларусь. Людзі заўжды імкнуцца трапіць туды, дзе лепш, а не туды, дзе горш.

Ані 5-6 тысяч расейцаў у год, ані 10, ці нават 16 тысяч грамадзян Туркменістана не закрыюць дэфіцыт кадраў, працягвае Эніра Браніцкая — гэта кропка ў моры. Таму ўлады апошнім часам некалькі разоў пашыралі спіс прафесій, па якіх замежнікі могуць уладкавацца без спецыяльнага дазволу — на сёння ў ім 59 пазіцый. Але гэтага відавочна мала.

— Што мусіць адбывацца ў норме, калі ўлады вырашаюць запрасіць шмат замежнікаў працаваць у краіне — трэба ладзіць нейкія праграмы інтэграцыі?

— Перш за ўсё — гэта пра павагу чалавечай годнасці, якая павінна быць, але якой няма ў беларускай дзяржавы.

Шмат год Беларусь займала, так бы мовіць, абарончую пазіцыю адносна рынку працы. Мігрантам даволі цяжка было прыехаць да нас і пачаць працаваць, бо патрабаваўся спецыяльны дазвол, і з нашай практыкі, калі працадаўца даведваўся, колькі ўсяго трэба зрабіць, каб яго атрымаць, — шмат хто адмаўляўся, хай лепш не мець працоўных рук, чым столькі пытанняў вырашаць.

Апошнія гады палітыка змянілася, на многія спецыяльнасці можна ўладкоўвацца без дазволу.

Даведка «Салідарнасці»

Паводле звестак МУС РБ, на пачатак 2025 года ў Беларусі працуюць сама меней 60 тысяч замежнікаў, прычым толькі за год гэтая лічба вырасла ўдвая, і з-за недахвату працоўных рук можа істотна павялічыцца. У асноўным едуць грамадзяне Туркменістана, Расіі, Кітая, Узбекістана, Украіны — але не толькі. На адным МТЗ працуе, па словах чыноўнікаў, 170 замежных работнікаў з 25 краін.

Але ў нас цалкам няма разумення, як інтэграваць людзей — асабліва калі гэта іншыя моўныя групы. Кітайцы, якія прыязджалі, звычайна працавалі на сваіх жа прадпрыемствах, і ніхто не ствараў спецыяльныя моўныя курсы, каб людзі маглі вучыць беларуску/рускую мову і лепш інтэгравацца.

І другі момант — мігранты яшчэ болей, чым беларусы, залежаць ад працадаўцы.

Калі працоўная дамова анулюецца, то чалавек страчвае і дазвол на жыхарства, гэта нярэдка бывае вельмі маніпулятыўна. Працадаўца можа і не плаціць, бо калі мігранты пачнуць «качаць правы» — страцяць працу і будуць вымушаныя пакінуць Беларусь.

Ніякіх незалежных прафсаюзаў у нас не засталося, то хто будзе абараняць правы замежнікаў? Таму гэта даволі ўразлівая група.

А праграм інтэграцыі ў нас усур’ёз ніколі не было. Тых, хто звяртаецца ў Беларусь па статус уцекача, вельмі мала — за 20 год яго атрымала ўсяго каля 1000 чалавек, і нават яны дагэтуль не могуць нармальна вывучыць мову, бо праграм проста няма.

Калі ж справа дойдзе да таго, што мігрантаў будзе вялікая колькасць — могуць быць канфлікты з-за таго, што людзі перадусім не разумеюць адзін аднаго.

Мігрантаў многія зневажаюць проста таму, што гэта «чужынцы», таму што спрацоўваюць стэрэатыпы — а-а-а, мусульмане, яны будуць рэзаць баранаў у нашым пад’ездзе. Хоць калі вы нешта не ведаеце, нармальна проста прыйсці і спытаць пра традыцыі, культурныя асаблівасці замежнікаў, якія адчуваюць сваю ўразлівасць у іншай краіне.

Яны ж самі баяцца. Людзі прыехалі каб працаваць, так бы мовіць, за лепшым жыццём, а не каб нешта ўчыніць і быць дэпартаванымі.

Наколькі страхі беларусаў перад чужынцамі падмацаваныя рэальнай статыстыкай злачынстваў? Мяркуючы па справаздачах МУС, кажа праваабаронца, колькасць злачынстваў, учыненых замежнікамі ў нашай краіне, не змяняецца шмат год і не расце з павелічэннем самой колькасці замежнікаў, застаючыся ў межах некалькіх адсоткаў (за 2023 год — 2,5% — С.).

— Пасля 2020 года шмат хто з беларусаў аказаўся ў аналагічнай сітуацыі. Фактычна, мы — мігранты, у тым ліку працоўныя, у розных краінах. На вашу думку, ці зробімся мы як грамадства больш талерантнымі, прымяраючы на сябе гэты досвед?

— Над гэтым трэба працаваць і адукоўваць грамадства. Сярод тых людзей, хто з’ехаў, шмат хто неталерантны і ксенафобны — таму што беларусы таксама не мелі адпаведнай базы, ніхто не вучыў, што трэба паважаць адзін аднаго.

У Нямеччыне, прыкладам, каля 23% насельніцтва мае міграцыйныя карані, пры гэтым каля 80% людзей з постсавецкай прасторы галасуюць за правыя партыі, за тых, хто кажа «Не!» мігрант_кам, не прымае ніякіх другіх.

Я бачу тое самае ў Польшчы, дзе ўжо многія беларусы атрымалі грамадзянства і на прэзідэнцкіх выбарах галасавалі за правага кандыдата, з вельмі жорсткай пазіцыяй датычна мігрантаў.

То бок, нават такі досвед, на жаль, не дае апрыёры большай талерантнасці, разумення і павагі іншых людзей. Усё ж такі патрэбная адукацыя, праца над тым, каб нашае грамадства зрабілася больш дэмакратычным і цывілізаваным.