Общество

Што вядома пра сьмерць бабруйскага журналіста, на якога завялі крымінальную справу ў Польшчы

Былы журналіст з Бабруйску Ўладзімер Усер (Лазараў) памёр 6 сьнежня ў Беластоку. Раней ён зьняўся ў фільме менскіх прапагандыстаў «Чужое неба». На яго завялі крымінальную справу ў Польшчы за шпіянаж, піша Радыё Свабода.

Уладзімер Усер (Лазараў). Фота з прыватнага архіву

Уладзімеру Усеру (Лазараву) было 70 гадоў. Ён памёр увечары суботы, 6 сьнежня, у прытулку для бяздомных, якім апякуецца дабрачынная каталіцкая арганізацыя Caritas, у Беластоку, расказаў Свабодзе ягоны знаёмы Сяргей* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).

— Пайшоў у прыбіральню. Млосна стала. Выклікалі «хуткую». Дзьве «хуткія» прыехалі. Хацелі рэанімаваць, але не змаглі. Паўгадзіны рэанімацыя была, — расказвае знаёмы Ўладзімера.

«Галодны, як з Асьвенціму»

На думку суразмоўцы Свабоды, беларускія спэцслужбы працягвалі сачыць за Усерам пасьля ягонага затрыманьня ў Польшчы. Ён дадае, што ня лічыць, быццам за сьмерцю Ўладзімера мог стаяць нехта іншы. Стан здароўя беларуса і так быў ужо зусім кепскі.

— Калі яго ABW (Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы. — РС) брала, ён аддыхваўся хвілін дваццаць. Яму было вельмі цяжка. Ён такі быў худы. Ён ня еў ні гародніны, ні садавіны, ні мяса.

Толькі калі яго нехта пачастуе, тады еў. Галодны, як з Асьвенціму… Калі яго забірала ABW, яго сьняданак быў — гарбата і кавалак хлеба. І ў яго больш нічога не было. Ён вельмі бедна жыў, — успамінае Сяргей.

Да таго ж Усер хварэў на цукровы дыябэт, меў праблемы з сэрцам. Ногі ў яго былі распухлыя, на іх былі раны, зь якіх цякла лімфа, расказвае суразмоўца. Уладзімер у Польшчы тройчы трапляў у шпіталь.

Сяргей ведае, што Ўладзімер дома часам падаў і ня мог устаць. Калі яго спрабавалі завесьці ў машыну хуткай дапамогі, ён ня мог падняць нагу на прыступку. Дома ён не прыбіраў, рэдка мыўся.

— Ён мог пайсьці ў краму і гадзіну ісьці 200 мэтраў, разоў 5-6 спыняўся. Адзін раз пайшоў у краму, упаў. Людзі выклікалі «хуткую». Ён адмовіўся ў шпіталь ехаць, — кажа суразмоўца.

У Беластоку Ўладзімер апошнім часам не хадзіў на імпрэзы, палітычныя акцыі, бо ня меў на гэта сілаў. Яшчэ адзін ягоны знаёмы прыгадаў, што раз бачыў яго на акцыі салідарнасьці беларускай дыяспары з палітвязьнямі.

Уладзімер Усер ня меў страхоўкі ў Польшчы. За тое, што ён тройчы ляжаў у шпіталі, яму выставілі рахункі. Адзін зь іх на больш як дзьве тысячы эўра, кажа Сяргей. Ці іх хтосьці мае сплаціць, невядома. Родныя Ўладзімера жывуць далёка за мяжой. Ці яны прыляцяць на пахаваньне, пакуль няясна.

«Ён хацеў, каб Беларусь была вольная»

Уладзімер Усер раней жыў у Бабруйску. Працаваў журналістам найстарэйшай недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газэты гораду «Бабруйскі кур’ер», быў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў. Усер — сапраўднае прозьвішча Ўладзімера, Лазараў — творчы псэўданім.

— Ён столькі гадоў працаваў у газэце, колькі артыкулаў і аповедаў напісаў. А забрудзіць чалавека (рэпутацыю — РС) — і так хапае. Такія камэнтары пакідаюць…

Ён столькі працаваў, колькі ён у акцыях у Беларусі прымаў удзел! У яго сябры і Севярынец, і Статкевіч. Ён шмат добрага зрабіў для Беларусі. Ён хацеў, каб Беларусь была вольная. Ён хацеў дачакацца Статкевіча. Ён для Беларусі быў шчырым, — кажа Сяргей.

Сяргей дадае, што Ўладзімеру было цяжка псыхалягічна, ён шукаў спосаб трапіць на радзіму.

На думку Сяргея, Уладзімер быў як гіпі. Ён быў бітламанам, дома ў яго засталася вялікая калекцыя кружэлак Beatles, Rolling Stones, Led Zeppelin, Pink Floyd.

— Яшчэ дзесяць гадоў таму ён быў досыць жвавы, — кажа Сяргей.

«Чужое неба»

Сёлета ў сакавіку на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі выйшаў прапагандысцкі фільм «Чужое неба», які меўся паказаць, як цяжка беларусам жыць за мяжой. Каб зьняць гэты фільм, аўтары падманулі герояў, называліся то офісам Сьвятланы Ціханоўскай, то нейкім нямецкім фондам. За здымкі абяцалі перадаць іх удзельнікам фінансавую дапамогу.

Матэрыял у Беластоку здымаў Уладзімер Усер. Ён жа стаў і адным з герояў фільму. Расказваў, што яму ў верасьні летась пазванілі ў тэлеграм «свае хлопцы, змагары з Вільні», якія папрасілі падрыхтаваць матэрыял для іхнага мэдыя. Але ні імёнаў, ні назвы гэтага мэдыя Уладзімер не запомніў і не ўдакладняў, пісала раней «Наша ніва».

— Мне сорамна, але я нават не памятаю, хто і як тады назваўся, — прызнаваўся ў камэнтары «Нашай Ніве» Лазараў. — Проста папрасілі зьняць знаёмых беларусаў, расказаць, як яны жывуць. Яны так добра размаўлялі, што як бы сваімі зрабіліся. А ў мяне ж сапраўды шмат знаёмых у розных краінах і гарадах.

На думку Сяргея, Уладзімера падманулі. Ён думаў, што здымае фільм, каб людзі маглі атрымаць грашовую дапамогу. Самому Усеру заплацілі за гэты фільм.

— Ён казаў, што яму зь нейкага нямецкага фонду прапанавалі расказаць, як жывуць беларусы, і што яны будуць дапамагаць… Ён ужо добра ня цяміў. Ад кепскага харчаваньня ў чалавека пачаў адмаўляць мозг, — суразмоўца мяркуе, чаму той ня здолеў распазнаць падману.

Крымінальная справа за шпіянаж

Сёлета ў канцы лістапада стала вядома, што на Ўладзімера Усера і яшчэ на двух беларусаў і двух украінцаў у Польшчы завялі крымінальную справу за шпіянаж. Іх затрымалі.

У кватэры, дзе жыў Усер, быў ператрус. Праз кепскі стан здароўя яго не зьмяшчалі за краты, ён быў пад падпіскай аб нявыезьдзе. Нейкі час пасьля гэтага Ўладзімер ляжаў у шпіталі.

Паводле зьвестак польскай пракуратуры, заданьні іншаземцы выконвалі з сакавіка 2024-га да лютага 2025 году ў Жэшаве, Варшаве, Лодзі і іншых гарадах. У іх задачы ўваходзіла фатаграфаваньне аб’ектаў крытычнай інфраструктуры і месцаў, важных для бясьпекі дзяржавы. Акрамя таго, яны павінны былі разьвешваць плякаты і маляваць графіці.

Сяргей адзначае, што Ўладзімер ня надта пераймаўся праз гэтую крымінальную справу, і ня ведае, ці яна неяк паўплывала на яго здароўе.

— Ён сказаў, што гэта нейкая памылка. Не было такога, што ён такі вінаваты, але быццам проста хтосьці падставіў і пажартаваў, — пераказвае меркаваньне нябожчыка Сяргей.

Пасьля ператрусу польскіх службаў Усера выселілі з пакою, дзе ён жыў. У яго не было чым заплаціць за арэнду, якая складала каля 700 злотых (165 эўра), кажа суразмоўца. За што раней жыў Уладзімер, невядома. У Беларусі яму прыходзіла пэнсія, але ў ягонай беларускай банкаўскай карткі скончыўся тэрмін дзеяньня, таму пэнсіянэр ня мог атрымліваць тыя грошы.

— Ён казаў, што ў яго сябар у Амэрыцы. Ён там нешта браў. Потым яму зьбірала грошы беларуская дыяспара. За фільм «Чужое неба» яму грошы пералічвалі. Так ён і працягнуў, — расказвае ягоны знаёмы.

Пахаваньнем зоймецца горад Беласток

Як расказалі Свабодзе ў арганізацыі Caritas, у прытулку якой памёр Уладзімер Усер, мужчына сканаў з натуральных прычынаў, праз стан здароўя, 6 сьнежня.

Ягоным пахаваньнем будзе займацца горад Беласток, як гэта бывае з пахаваньнем іншых бяздомных людзей, якімі апякуюцца ў прытулках Caritas. Калі і дзе пахаваюць беларуса, а таксама ці будзе публічнае разьвітаньне або набажэнства ў касьцёле, яшчэ невядома.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(1)