Общество

Украінскі журналіст — пра фільтрацыйны лягер у Беларусі: Нас закінулі ў халоднае памяшканьне бяз вокнаў

Журналіст украінскага інфармацыйнага агенцтва УНІАН Дзьмітро Хілюк правёў у расейскім палоне больш за 3,5 году.

Дзьмітро Хілюк

У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, як яго вывозілі празь Беларусь у Расею, пра першыя дні вайны, умовы ў расейскіх турмах і пра тое, як іх вярталі назад ва Ўкраіну праз Гомель.

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году Дзьмітро Хілюк да апошняга перадаваў навіны аб баявых дзеяньнях у Кіеўскай вобласьці. У сакавіку расейскія вайскоўцы выкралі Дзьмітра на падворку яго ўласнага дому ў вёсцы Казаравічы ў Вышгарадзкім раёне Кіеўскай вобласьці і разам зь іншымі цывільнымі і вайсковымі ўкраінцамі вывезьлі ў Расею празь Беларусь.

Ён прайшоў празь вядомы фільтрацыйны лягер у Нароўлі Гомельскай вобласьці і празь дзьве турмы ў Расеі — у Навазыбкаве Бранскай вобласьці і ў Пакіне Ўладзімірскай вобласьці.

«Гэтыя акупанты паўтарылі шлях нацысцкіх акупантаў у 1941 годзе»

За паўгоду да расейскага ваеннага ўварваньня, калі ўжо шэраг замежных выведак і экспэртаў папярэджвалі аб імаверным нападзе Расеі на Ўкраіну, Дзьмітры Хілюк ня верыў у поўнамаштабную вайну і на пачатку ўспрыняў эвакуацыю дыпляматычных прадстаўніцтваў з Кіева як праяву панічных настрояў.

— Я падазраваў, што, магчыма, будзе вялікае і сур’ёзнае абвастрэньне на ўсходзе, але таго, што яны пойдуць на Кіеў, я не чакаў. Гэта было шокам.

Калі гэта адбылося, я згадаў публікацыю колішняй дэпутаткі Тацяны Чарнавол за год ці два да гэтага, у якой яна пісала, што беларускі кірунак зусім непрыкрыты, там няма вайскоўцаў, нічога няма.

А калі, уласна, расейцы ўжо пайшлі вайной, людзі пачалі згадваць, што гэтыя акупанты паўтарылі шлях нацысцкіх акупантаў у 1941 годзе, бо і тады на Кіеў пайшлі з поўначы. Такі сымбалізм, — згадвае Дзьмітро.

Паводле яго, і да вайны ён ставіўся да Аляксандра Лукашэнкі, які надаў тэрыторыю Беларусі для расейскага ўварваньня, як да «пуцінскай марыянэткі».

— Мне здаецца, што гэты чалавек ужо вельмі даўно несамастойны ў сваёй краіне. Хоць яго шмат хто называе дыктатарам, але ён там дыктатар толькі пры ўмове, што гэта яму дазваляе і стымулюе ягоны гаспадар ува ўсіх сэнсах — прэзыдэнт Расеі. Абсалютна несамастойны, — тлумачыць ён.

Тое, што Лукашэнка надаў беларускую тэрыторыю для расейскага ўварваньня, Дзьмітро назваў «маладушным і подлым учынкам».

З Украіны вывозілі з завязанымі рукамі і вачыма

Дзьмітра затрымалі 3 сакавіка 2022 году разам з бацькам, калі яны выйшлі з схову паглядзець, ці моцна пацярпеў іхны дом ад абстрэлаў.

Пазьней бацьку вызвалілі, але перад гэтым імітавалі ягоны расстрэл, а Дзьмітра спачатку перавезьлі ў Дымер, а потым у Гастомель. Ужо адтуль на вайсковай машыне яго разам зь іншымі палоннымі павезьлі празь Беларусь у Расею. Усю дарогу яны былі з завязанымі рукамі і вачыма.

— Тады, 16 сакавіка, быў сонечны дзень, мы выехалі з Гастомелю, я адчуваў, што сонца нам сьвеціць у сьпіну, і таму зразумеў, што мы едзем у кірунку на поўнач ад Кіева. Ехалі доўга, недзе 5 гадзін.

У машыне сядзеў ахоўнік, які сачыў, каб, крый Божа, хто-небудзь ня зьняў павязку ці паслабіў яе, каб можа было нешта пабачыць. Хто спрабаваў гэта зрабіць — штурхалі прыкладам аўтамата, каб баяліся, — згадвае журналіст.

Калі машына спынілася, Дзьмітро зразумеў, што іх прывезьлі ў Беларусь.

— Я троху адцягнуў скотч ад вачэй, вызірнуў у вакно і пабачыў нейкі адміністрацыйны будынак. На ім былі тры сьцягі — пасярэдзіне беларускі дзяржаўны чырвона-зялёны і па баках яшчэ нейкія, якіх я не пазнаў. Там жа стаялі некалькі легкавых машын зь беларускімі нумарамі.

Значна пазьней я даведаўся, што гэта было ў Нароўлі. Мы гэтае месца назвалі «Вапна».

Нас закінулі ў халоднае памяшканьне бяз вокнаў, зь дзьвярыма, як на складах сельскагаспадарчага прызначэньня, што звычайна выкарыстоўваюць для бульбы, там сьцены былі пабеленыя вапнай, і мы ўсе былі запэцканыя ў ёй.

Паводле журналіста, у гэтым фільтрацыйным лягеры гаспадарылі толькі расейскія вайскоўцы, у тым ліку прадстаўнікі каўкаскіх народаў.

— Беларусаў там я ніводнага разу ня бачыў — ні цывільных, ні вайскоўцаў. Былі расейскія вайскоўцы, у тым ліку людзі з характэрным акцэнтам і абліччам прадстаўнікоў каўкаскіх народаў.

Казалі, што гэта маглі быць чачэнцы. Адзін зь іх тэлефанаваў дадому і размаўляў на зусім незнаёмай мне мове. Дзіўна, што потым ён дазволіў патэлефанаваць аднаму нашаму палоннаму вайскоўцу, які пасьпеў паведаміць сваякам, што ён у палоне. Але ўсё ж забараніў казаць, дзе мы знаходзімся, — кажа Дзьмітро.

У «Вапне», як называе Дзьмітро найбольш вядомы фільтрацыйны лягер у Нароўлі, украінскіх палонных пратрымалі больш за содні. Ім давалі есьці, але мэдычнай дапамогі не было.

У падобным памяшканьні ў Нароўлі знаходзіўся Дзьмітро Хілюк. Скрыншот зь відэа расейскага тэлеканалу НТВ.

Былі два нашыя вайскоўцы, якіх з Гастомелю везьлі на насілках. Адзін зь іх, відаць, быў паранены, а ў другога адмарожаныя ногі. Іх нашыя ж палонныя кармілі з лыжачкі, бо яны не маглі самі есьці.

— Але да іх ніхто не падыходзіў, не было мэдычнай дапамогі. Яны проста ляжалі на насілках, і імі апекаваліся іншыя палонныя вайскоўцы.

Я не памятаю, каб да іх нехта падыходзіў зь лекараў — цывільных ці вайсковых. Нас там было прыблізна 60 чалавек. Быў моцны стрэс, — успамінае журналіст.

На наступны дзень украінцаў зноў пагрузілі ў армейскія аўтамабілі з закалочанымі фанэрай вокнамі і павезьлі ў бок Расеі.

— Зноў завязалі вочы, і тады ўжо ўвогуле немагчыма было падгледзець, куды нас вязуць, нават сонца не было відаць. Везьлі нас з завязанымі за сьпінай рукамі. Ужо праз гадзіну такога сядзеньня стала дыскамфортна і млосна. Людзі прасілі перашпіліць кайданкі наперад, каб рукі былі перад сабой, а не за сьпінай, але яны груба адмаўлялі, — кажа Дзьмітро.

Такім чынам іх везьлі да Навазыбкава Бранскай вобласьці без усялякіх прыпынкаў.

У Навазыбкаве сярод палонных быў грамадзянін Беларусі

Дзьмітро Хілюк расказаў, што ў Навазыбкаве сярод палонных, якіх расейцы вывезьлі з Украіны, быў і беларус.

— Яго затрымалі ў Кіеўскай вобласьці. Ён быў ва Ўкраіне, калі адбыўся напад Расеі, і тады пешшу пайшоў у бок Беларусі, уцякаў дадому, спадзяваўся, што яго прапусьцяць, бо ён іншаземец і меў беларускі пашпарт.

Я ведаў ягонае імя, але цяпер не ўзгадаю, шмат часу прайшло. Яго могуць памятаць тыя хлопцы, якія, на жаль, пакуль застаюцца ў расейскім палоне, якіх зь ім затрымалі і якія былі зь ім у Навазыбкаве ў камэры. Яго таксама аформілі як ваеннапалоннага, — сказаў журналіст.

Паводле Дзьмітра, усіх цывільных, якіх расейцы разам зь ім вывезьлі ў Расею, афармлялі менавіта як ваеннапалонных.

Свабода зьвярнулася ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК), які выконвае ролю пасярэдніка пры абменах палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі аб палонным беларусе і цяперашнім месцы яго знаходжаньня.

Аднак у МКЧК адмовіліся даваць якую-небудзь інфармацыю пра гэты выпадак.

— Як правіла, МКЧК публічна не камэнтуе асобных справаў. Мы не даем дастаткова падрабязных зьвестак аб ваеннапалонных і затрыманых, зьвязаных з міжнародным узброеным канфліктам паміж Расеяй і Ўкраінай.

Мы спачуваем ягонай сям’і, якая, напэўна, вельмі перажывае. Калі вы маеце зь імі сувязь, калі ласка, парайце ім зьвярнуцца ў МКЧК, каб мы ім дапамаглі, — сказала каардынатарка ў сувязях з грамадзкасьцю Рэгіянальнай дэлегацыі МКЧК у Расеі і Беларусі Люсіль Марбо.

«Украінская мова імгненна выклікала лютасьць»

Дзьмітро адзначыў, што ў расейскіх турмах украінскіх палонных трымалі асобна ад зьняволеных расейцаў.

— У Пакіне была вялікая калёнія, але тыя тры корпусы, дзе былі ўкраінцы, спэцыяльна адгарадзілі высокім парканам — да вокнаў на другім паверсе, і барані Божа, каб мы там перасекліся зь мясцовымі зэкамі. Яны нас толькі абслугоўвалі, ім забаранялі з намі размаўляць.

Калі нас і выводзілі там, напрыклад, на флюараграфію, то зь мяшкамі на галаве або ўначы, каб мы ня бачылі, куды ідзем, і не арыентаваліся, а па-другое, каб нас ня бачылі іхныя зэкі, бо рэнтген-апарат там акурат у іхным корпусе.

Колішні вязень мяркуе, што адміністрацыя турмы вельмі баялася кантактаў паміж расейскімі зьняволенымі і палоннымі ўкраінцамі.

— Ахова мянялася штомесяц. Яны нават сваім не давяралі, сачылі адзін за адным, былі такія выпадкі, калі нейкі ахоўнік мог праявіць чалавечнасьць, то яго здавалі і ён больш не зьяўляўся.

Я яшчэ заўважыў, што калі адзін ахоўнік з табой размаўляе, то досыць прымальна — бяз грубасьці, без мацюкоў, а калі іх два ці больш, яны, напэўна, ужо адзін аднаго баяліся і хацелі паказаць, як яны адданыя рэжыму, і тады абыходзіліся як зьвяры.

Паводле Дзьмітра, ахоўнікі не забаранялі ім размаўляць паміж сабой па-ўкраінску, але іх вельмі раздражняла, калі палонныя ў размове зь імі ўжывалі асобныя ўкраінскія словы. «Яны крычалі: «па-расейску давайце, вашай хахляцкай не разумеем».

Што ў першай турме, што ў другой — украінская мова ў іх імгненна выклікала лютасьць. Нават ня мова, а толькі асобныя словы.

— Была адна такая цікавая зьмена (ахоўнікаў), якая была цэлы месяц. У ёй адзін размаўляў па-ўкраінску ды яшчэ на досыць добрай украінскай мове. Казаў «Доброго ранку, хлопці». Мы спачатку ня ведалі, што адказваць, потым пачалі адказваць па-ўкраінску. Ён, напэўна, быў старэйшы. Але потым іх замянілі і больш яго не было, — згадвае Хілюк.

На абмен з другой спробы

Да абмену 24 жніўня, у якім быў Дзьмітро Хілюк, іх пачалі рыхтаваць за чатыры дні. Яму і яшчэ двум украінцам — мэру Херсону Ўладзіміру Мікалаенку і Дзьмітру Юзваку з Кіеўскай вобласьці — загадалі сабраць свае рэчы і выйсьці з камэры.

— Я паабедаў хутка, скруціў матрац, сабраў сваю маёмасьць — кубак, лыжку, зубную пасту, мыла, ліст з дому і драўляны крыжык — гэта ўся мая маёмасьць там была, — успамінае ён.

Па выхадзе ім выдалі ўкраінскую вайсковую форму і загадалі пераапрануцца. Потым адвялі ў бібліятэку і запісалі зь імі відэа, на якім яны мусілі сказаць, што прэтэнзіяў, скаргаў і заяваў у адрас Расеі і ўстановаў, у якіх іх утрымлівалі, ня маюць.

— Мы павінны былі агучыць невялікі завучаны тэкст, некалькі сказаў, у тым ліку пра тое, што мы там атрымлівалі гарачую трохразовую ежу, чыстую бялізну. Карацей, як на курорце былі. Напісалі яшчэ кароткія аўтабіяграфіі, але потым нас зноў вярнулі ў камэры і груба сказалі, што дадому мы не паедзем, — расказвае Дзьмітро.

Праз пару дзён іх зноў вывелі з камэраў і пасадзілі ўжо ў аўтазак. Тры гадзіны дарогі з завязанымі вачамі і рукамі — і зноў прыпынак.

— Я зразумеў па гуку рэактыўных рухавікоў, што гэта аэрадром. Нас выгрузілі і вывелі ў нейкае вялікае і халоднае памяшканьне, магчыма, гэта быў ангар для самалётаў.

Мы чулі, што вельмі часта прызямляліся і падымаліся самалёты, у тым ліку ўначы, бо мы там і начавалі. Там было вельмі-вельмі холадна, ніхто ня мог заснуць ад холаду, але, праўда, нам далі есьці.

Ну як далі — я ўпершыню за доўгі час пакаштаваў нармальную людзкую ежу, а не памыі. Напэўна, далі тую ежу, што гатавалі для сябе, для сваіх вайскоўцаў.

Там быў аднаразовы посуд і аднаразовыя відэльцы, але імі немагчыма было скарыстацца, бо ў нас жа былі завязаныя вочы і рукі.

Даводзілася есьці проста з талеркі, як гэта робяць кот ці сабака.

Раніцай яны зноў пасьнедалі такім жа чынам, а празь некалькі гадзін іх пачалі заводзіць у вялікі вайскова-транспартны самалёт.

— Палёт доўжыўся прыблізна дзьве гадзіны. Калі самалёт прызямліўся, адкрылі рампу, а я блізка сядзеў да хваста, адчуў, што з вуліцы зайшло паветра, значыць, мы ўжо на зямлі.

І тут прагучала вельмі нечаканая для нас каманда — зьняць павязкі з вачэй і скотч з рук. Мы дапамагалі адзін аднаму, разрывалі зубамі скотч на руках, пазрывалі павязкі з вачэй. Тады я ўжо пабачыў, што гэта сапраўды вялікі транспартны самалёт, і пабачыў аўтобусы зь беларускімі нумарамі, легкавыя аўтамабілі і хуткія дапамогі.

У Беларусі ўкраінцам выдалі пакункі зь беларускімі харчамі

Расейскі самалёт з украінскімі палоннымі прызямліўся ў цывільным аэрапорце Гомля.

— Там стаяў адзіны цывільны самалёт «Белавія», а аэрапорт быў абсалютна пусты. Мы потым праяжджалі каля будынку аэравакзалу, там я пабачыў усяго некалькі чалавек. Было напісана «Гомель».

Мы селі ў аўтобусы, а там на сядзеньнях былі пакункі для нас з нармальнай ежай. Там былі нейкі паштэт, тушонка, нешта яшчэ. Пасьля тых памыяў, якімі мяне кармілі тры з паловай году, мне падалося ядома і смачна, — кажа Дзьмітро.

Харчы з сухпайка, які выдавалі ўкраінскім палонным у Гомлі пасьля іх вяртаньня з расейскага палону. Фота Дзьмітра Хілюка

Паводле яго, у папяровых пакунках (на іх не было дзяржаўнай сымболікі Беларусі, як раней) былі таксама вада, гарбата, аднаразовыя кубачкі — усё беларускай вытворчасьці. Дзьмітро кажа, што цягам усяго шляху з гомельскага аэрапорту да ўкраінскай мяжы зь імі прадстаўнікі Беларусі не кантактавалі.

— Усё выглядала так: паўнамоцтвы расейскіх вайскоўцаў на той момант закончыліся, і нейкія людзі нас выклікалі па прозьвішчах і накіроўвалі па аўтобусах. Магчыма, гэта былі беларусы, магчыма, не, але гэта ўжо не былі вайскоўцы, мне здаецца.

Мы былі ў такім узбуджаным стане, мы радаваліся, што нарэшце будзем вызваленыя, то я ўжо асабліва і не прыглядаўся, — дадае ён.

Дзьмітро кажа, што па вызваленьні ён найбольш радаваўся, што яго дачакаліся бацькі.

— Бацьку 77 гадоў, а маці 76. Гэта для мяне найбольшая радасьць, што дачакаліся. Я адзін у сям’і, а ўсе нашыя сваякі на Хмяльніччыне, на Ровеншчыне. Яны таксама пажылыя, але ўсё ж пакуль я быў у палоне, прыяжджалі ім дапамагаць, — сказаў Дзьмітро Хілюк.

Як і ўсе вызваленыя ўкраінцы, Дзьмітро праходзіў рэабілітацыю пасьля расейскага палону. Цяпер ён займаецца аднаўленьнем пашкоджанага расейскімі абстрэламі будынку, а ў кастрычніку плянуе вярнуцца на працу ў агенцтва УНІАН.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(4)