Вольскі: «Cхема ўлучае ў сябе ня толькі адлігу, а і страшэнныя замаразкі пасьля яе»
Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра стандартную схему гандлю палітвязнямі, якую гадамі выкарыстоўваюць беларускія ўлады, і звяртаецца да ўсіх, каму карціць «перагарнуць старонку».

Як працуе стандартная схема гандлю палітвязьнямі
Схема заўсёды адна. Гэтыя людзі настолькі стандартызаваныя, што ня здольныя вымысьліць нешта іншае.
Дык вось, гэтую схему вы выдатна ведаеце: мы цягнем з Расеі ўсё магчымае, потым (з розных нагодаў) Расея ня можа (ня хоча) даваць нам гэтае ўсё магчымае, і тады мы са страшным скрыгатам спрабуем разьвярнуцца ў бок Захаду. Мы ненавідзім гэты Захад, там усё па-іншаму, усё не такое, але сытуацыя вымушае, і вось ужо рыторыка зьмякчаецца, і прапагандысты брэшуць ня так аглушальна, і нехта ўплывовы можа нават ухвальна выказацца пра амэрыканскую адміністрацыю...
Пасьля гэтае прадмовы пачынаецца гандаль. Мы вам палітвязьняў, а вы нам адмену санкцыяў. Ці то: вы зноў нам даяце гранты на дарогі ды інфраструктуру, а мы адмяняем масавае нашэсьце мігрантаў на вашыя межы. Ці: вы здымаеце ўсе санкцыі (улучна з адкрыцьцём неба над намі), а мы абвяшчаем усеагульную амністыю і бясьпечнае вяртаньне на радзіму ўсіх, хто зьехаў.
І Захад, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», паціху пагаджаецца на ўдзел у гэтай схеме. На перамір’е, хай сабе і часовае (што яно будзе ня вечнае, цяпер ужо ўсе разумеюць). Ну, а чаго? — побач ідзе вайна, Беларусь зрабілася расейскім сатэлітам, а так, магчыма, зноўку зьявяцца рычагі ўплыву на яе. Ну, магчыма ж, праўда?
І тады зажывем! І Расеі працягнем прадаваць зброю і паліва, і ўсімі заходнімі выгодамі карыстацца — грантамі там усялякімі, адкрытымі межамі, адкрытым небам...
Не сьпяшайцеся. Падумайце
Я ведаю, шмат хто ў Беларусі і па-за ейнымі межамі прагне, каб схема зноў спрацавала. Хтосьці не прыжыўся за мяжой, хтосьці стаміўся матляцца на радзіму праз Калінінград, камусьці проста хочацца вярнуць спакойнае дарэвалюцыйнае жыцьцё. Перагарнуць старонку.
Толькі не забывайцеся, дарагія сябры, схема ўлучае ў сябе ня толькі адлігу, а і страшэнныя замаразкі пасьля яе. Так было заўсёды.
Пакарыстаюся ўласным досьведам — падчас першай (2004-2007) забароны музыкам з чорнага сьпісу можна было граць канцэрты ў невялікіх клюбіках, кавярнях ды рэстарацыях, на гэта заплюшчвалі вочы, пасьля другой (2010-2017) гэта ўжо было немагчыма — толькі за мяжою, а з 2020-га й па цяперашні час — чорны сьпіс неабсяжна пашырыўся, і ягоныя ўдзельнікі амаль поўным складам былі вымушаныя зьехаць за мяжу.
А тыя, хто ня зьехаў — ці то ціхенька сядзяць па сваіх хатах, ці сядзяць за кратамі. То-бок, пасьля кожнае адлігі сытуацыя значна пагаршаецца. Значна!
Так вось перагортваюцца старонкі. Па такой стандартнай (гэтыя людзі нічога іншага ня здольныя прыдумаць) схеме. Падумайце пра гэта, калі чарговым разам прыадкруцяць гайкі і будуць заклікаць усіх вяртацца, і «вам за гэта нічога ня будзе».
Не сьпяшайцеся. Падумайце. Вы ж ведаеце пра лёс беларускай інтэлігенцыі, якая ў 1920-х паверыла салодкім абяцаньням савецкае ўлады і вярнулася ў Беларусь з-за мяжы?
Ну, вось.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное